Беларусы Аўстраліі адзначылі 86-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну
У нядзелю, 26 лістапада 2006 г. Беларускі Цэнтральны Камітэт супольна з парафіяй БАПЦ Святых Віленскіх Пакутнікаў адзначылі 86-я угодкі Слуцкага Збройнага Чыну.
Пасля Святой Літургіі айцец Аляксандр і айцец Юрый адслужылі Паніхіду па Слуцкіх змагарах, якія аддалі сваё жыццё за волю Бацькаўшчыны, а таксама памаліліся за ўсіх вядомых і невядомых беларусаў, што змагаліся за лепшую долю Маці-Беларусі.
Пасля кароткага абеднага перапынку ў прыцаркоўнай залі пачалася ўрачыстая акадэмія, прысвечаная Слуцкаму змаганню супраць камуністычнай агрэсіі. Старшыня БЦК Янка Барысевіч адчыніў акадэмію ды прывітаў прысутных. Пасля ўся зала адспявала жалобны марш “Спі пад курганам герояў”. Старшыня Федэральнай Рады БАА Аўген Груша пачытаў рэферат на тэму дня “Змаганне БНР супраць маскоўскай навалы”. На нашай шматпакутнай зямлі стаіць шмат помнікаў катам беларускага народу, а няма помнікаў для нашых герояў Случакоў, якія пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Далей Аўген Груша прадэкламаваў верш “Волт”, Янка Барысевіч прачытаў сваю прамову з Дзён беларускай і літоўскай культур, якія адбыліся ў Вільні 7—8 кастрычніка 2006 г. На гэтым мерапрыемстве спадар Янка Барысевіч рэпрэзентаваў беларускую грамаду Мельбурна.
Урачыстая акадэмія закончылася спяваннем беларускага нацыянальнага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Аўген Груша
Мельбурн, Аўстралія
|