ТБК Літвы правяло святочную імпрэзу
25 лістапада гэтага года Таварыства беларускай культуры Літвы адзначыла слаўную дату беларускай гісторыі — Слуцкі Збройны Чын, альбо Дзень Герояў.
Зала ТБК была ўпрыгожаная плакатамі аб гераічным учынку беларускіх патрыётаў, якія пайшлі паміраць у 1920 годзе, каб жыла Беларусь. Сябра ТБК Алесь Адамковіч цікава распавёў аб прычынах і падзеях Слуцкага паўстання. Андрусь Старавойтаў праспяваў патрыятычныя песні, прысвечаныя гэтай даце.
У другой частцы імпрэзы адбылася прэзентацыя кнігі “Галасы разбуджаных птушак” беларускага краязнаўцы і гісторыка Міхася Казлоўскага. Рэцэнзію да кнігі зрабіла Леакадзія Мілаш. Аўтар напісаў і выдаў вельмі цікавую, насычаную фактычным матэрыялам, праўдзівую кнігу, прысвечаную памяці людзей, якія пры ўсіх акупацыях верна служылі справе беларускага адраджэння, але якім сёння ў Беларусі не знайшлося не толькі месца, але і належнай павагі да іх памяці.
Пры поўнай залі, людзі не хацелі разыходзіцца і жадалі яшчэ слухаць змястоўны аповед самога аўтара, за кубкам кавы яшчэ доўга абмяркоўвалі слаўную дату нашай гісторыі, яе лепшых сыноў і дачок, а таксама дзякавалі аўтару за каштоўную кнігу.
Грамада ТБК падтрымала ідэю аб зборы грошаў для аўтара на выданне наступнай кнігі.
Хведар Нюнька
|