З Рыгі Буш “паслаў сігнал” беларускаму народу
Існаванне недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі — ганьба як для Еўропы, так і для ЗША. Такія словы прагучалі ў выступе прэзідэнта ЗША Джорджа Буша ў Рызе 28 лістапада.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў прыбыў у Рыгу для ўдзелу ў саміце НАТА і выступіў у Латвійскім універсітэце перад удзельнікамі прымеркаванага да саміту Форума маладых лідэраў.
Гаворачы аб перспектывах супрацоўніцтва НАТА з краінамі былога СССР, прэзідэнт Дж.Буш выказаў свой погляд на магчымасць удзелу ў гэтай арганізацыі Грузіі і Украіны, на важнасць супрацоўніцтва НАТА і Расіі. Пасля гэтага Дж.Буш пажадаў “сказаць некалькі слоў беларускаму народу”.
Прэзідэнт ЗША назваў “абразай сумлення як Еўропы, так і Амерыкі” факт існавання “тут, прама за мяжой Латвіі, краіны, у якой ад рук агентаў жорсткага рэжыму” пакутуюць удзельнікі мірных дэманстрацый пратэсту і “знікаюць лідэры апазіцыі”. “Мы жадаем паслаць сігнал беларускаму народу, — сказаў прэзідэнт ЗША. — Наша бачанне мірнай Еўропы ўключае вашу краіну. І мы не пакінем вас адных у барацьбе за волю”.
Прадстаўляючы прэзідэнта Буша аўдыторыі, што сабралася ў Латвійскім універсітэце, прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга выказала надзею на тое, што “дэмакратыя заразная”. Па яе словах, Латвія не збіраецца прымушаць якую бы то ні было краіну зрабіць выбар у карысць дэмакратыі, аднак жадала бы паказаць прыклад іншым краінам і даказаць перавагі дэмакратычнага шляху развіцця.
Саміт НАТА, у якім прымаюць удзел лідэры 26 краін Паўночнаатлантычнага альянсу, будзе праходзіць у сталіцы Латвіі да 29 лістапада.
Паводле БелаПАН і TUT.by
|