Расійскія кандытарскія вырабы канфіскоўваюць
Расійскія кандытарскія вырабы, назвы якіх супалі з беларускімі, канфіскаваныя ў прыбытак дзяржавы. Грузавікі адпушчаныя. Аб гэтым паведаміў БелаПАН прадпрымальнік, які пажадаў застацца невядомым, яго груз таксама быў затрыманы на Віцебскай мытні.
“У мяне забралі карамель “Узлётную” і іншыя тавары, якія супалі з назвамі вырабаў гомельскай фабрыкі “Спартак”, на 3.000 даляраў ЗША! У кагосьці — печыва на 2.000-2.500. Амаль ва ўсіх канфіскавана частка грузаў супрацоўнікамі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Пры гэтым увесь тавар быў сертыфікаваны”, — сказаў прадпрымальнік. “Маглі бы папярэджваць аб сваіх ініцыятывах, ніхто бы не вёз прадукцыю, якая яшчэ ў гэтым месяцы лічылася легальнай”, — дадаў ён.
Як раней паведамляў БелаПАН, з 5 лістапада на беларуска-расійскай мяжы было затрымана некалькі дзесяткаў грузавікоў з кандытарскімі вырабамі вытворчасці Расіі. Мытнікі спасылаліся на пастанову “Па процідзеянні ўвозу няякасных харчовых прадуктаў і спіртазмяшчальнай вадкасці” за подпісам кіраўніка ДМК Аляксандра Шпілеўскага. “У ДМК Рэспублікі Беларусь паступіла інфармацыя аб фактах увозу ў рэспубліку няякаснай кантрафактнай кандытарскай прадукцыі і спіртазмяшчальных вадкасцяў. Увядзенне такіх тавараў у эканамічны абарот рэспублікі наносіць значную шкоду, суправаджаецца выпадкамі атручванняў з наступствамі, небяспечнымі для здароўя грамадзян Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў пастанове.
У канцэрне “Белгасхарчпрам” раней заяўлялі, што мытнікі выяўляюць кандытарскія вырабы, назвы якіх зарэгістраваныя як беларускія таварныя маркі. Прадпрымальнікі лічаць, што нечаканыя дзеянні беларускіх улад у дачыненні да сертыфікаванага тавару — гэта “адказ Беларусі на праблемы з увозам цукру і сваіх кандытарскіх вырабаў у Расію”.
Як ужо паведамляў БелаПАН, 24 лістапада, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза заявіў, што праблемныя пытанні — беларускія цукар і брэнды — “прыватны выпадак у эканамічных адносінах паміж дзяржавамі”, які “не закранае сур’ёзныя, базавыя адносіны” паміж двума дзяржавамі.
“У нас агульныя брэнды шматлікіх кандытарскіх вырабаў яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Трэба дамовіцца, каб беларускія кандытары спакойна прадавалі гэтыя брэнды на расійскім рынку, а расійскія — на беларускім. Гэта мы прапаноўваем расійскаму боку”, — сказаў І.Бамбіза.
Паводле tut.by
|