А.Лукашэнка прызнаўся ў фальсіфікацыі выбараў …

23 лістапада падчас прэс-канферэнцыі украінскім журналістам прэзідэнт Беларусі заявіў, што вынікі галасавання на выбарах 2006 былі сфальсіфікаваныя на карысць яго апанентаў. “Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі, я ўжо заходнікам гэта гаварыў, — сказаў ён. — За прэзідэнта Лукашэнка прагаласавала 93,5 адсоткаў. Гавораць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І калі зараз пачаць пералічваць бюлетэні, то я не ведаю, што з імі рабіць наогул. Да выбараў нам гаварылі, што калі будуць прыкладна еўрапейскія паказчыкі на выбарах, то мы вашы выбары прызнаем. Мы збіраліся зрабіць еўрапейскія паказчыкі. Але таксама, бачыце, не атрымалася”.

Як адзначаецца на сайце afn.by “у любой іншай краіне, дзе хоць як-небудзь ужываюцца такія паняцці як “грамадзянская свядомасць” і “грамадзянская супольнасць”, праз пару гадзін следчыя органы павінны былі высветляць падрабязнасці гэтага злачынства, а абавязкі главы дзяржавы мусіць выконваць прэм’ер-міністр”

У Беларусі на заяву А.Лукашэнкі на наступны дзень зрэагавалі РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” (БХК) і БНФ “Адраджэнне”. БХК лічыць неабходным правядзенне поўнага і галоснага расследавання кампетэнтнымі органамі і прыцягненні вінаватых да адказнасці. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджанай заяве прэс-службы БХК. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка мае намер падаць у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года.

Расія і ЕС ніяк не пракаментавалі заяву прэзідэнта Беларусі.

У сваю чаргу, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік на пытанні агенцтва БелаПАН паведаміў, што афіцыйна абвешчаныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года адлюстроўваюць рэальнае волевыяўленне народа.

Трэба таксама адзначыць, што тэкст прэс-канферэнцыі выкладзены на сайт прэзідэнта, але прызнанне ў фальсіфікацыі Лукашэнкі там не размясцілі.

Паводле naviny.by і afn.by
‹‹ на галоўную | у архіў