ААН: правы чалавека ў Беларусі парушаюцца

Трэці Камітэт Генасамблеі ААН прыняў рэзалюцыю “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Практычна аналагічная рэзалюцыя ў ноч з 22 на 23 лістапада па беларускім часе была прынятая Генасамблеяй ААН у дачыненні Ірана. У прынятых дакументах асуджаецца сітуацыя, якая склалася з правамі чалавека ў Беларусі і Іране.

Рэзалюцыю ў дачыненні Беларусі ініцыявалі ЗША і краіны Еўрасаюза. За яе прыняцце выступілі 70 краін, супраць – 31 дзяржава, у тым ліку Расія і Кітай. Прадстаўнікі 67 дэлегацый устрымаліся падчас галасавання па рэзалюцыі ў дачыненні Беларусі.

У абарону Беларусі выступілі Расія, Куба, Кітай, Іран, Сірыя, Венесуэла, Узбекістан і Судан. Яны назвалі рэзалюцыю палітычна матываванай і падкрэслілі, што яна не спрыяе развіццю супрацоўніцтва і дыялогу ў сферы праваабарончай дзейнасці ААН.

Расія, Куба і Кітай паспрабавалі скарыстацца працэдурнымі правіламі, каб не выносіць на галасаванне рэзалюцыю па Беларусі, аднак прапанова гэтых краін не прайшла.

У рэзалюцыі “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі” гаворыцца, што ў краіне ўсё часцей выкарыстоўваецца практыка рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі, вядзецца крымінальны пераслед праваабаронцаў, журналістаў і тых, хто выступае ад імя няўрадавых арганізацый.

Разгледзець рэзалюцыю па сутнасці прапанаваў прадстаўнік ЗША. Яго падтрымала прадстаўніца Фінляндыі. Выступаючы ад імя ЕС, яна заявіла, што парушэнне правоў чалавека ў Беларусі з’яўляецца прыладай дасягнення палітычных мэтаў і заклікала ўсе дзяржавы падтрымаць гэтую рэзалюцыю.

Як адзначаецца ў тэксце рэзалюцыі, беларускія ўлады працягваюць парушаць узятыя “міжнародныя абавязкі ў дачыненні да правядзення вольных і справядлівых выбараў”. У гэтай сувязі краіны, якія падтрымалі рэзалюцыю, заклікаюць афіцыйны Мінск “прывесці выбарчы працэс і заканадаўчую базу ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі”, паведамляе служба навінаў ААН.

Паміж тым практычна адначасова з рэзалюцыяй у дачыненні Беларусі Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб парушэнні правоў чалавека ў Іране. За прапанаваны варыянт рэзалюцыі прагаласавалі 70 дзяржаў, у тым ліку Украіна і Малдова. У прынятай рэзалюцыі гаворыцца аб ужыванні ў Іране катаванняў, дыскрымінацыі этнічных меншасцяў, запалохвання і пераследу палітычных апанентаў.

Паводле telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў