Беларускаму аб’яднанню студэнтаў Польшчы – 25 гадоў
Сёння ў Беластоку пачалося святкаванне 25-годдзя з часу заснавання Беларускага аб’яднання студэнтаў Польшчы – адной з найбольш актыўных арганізацыяў беларускай меншасці ў Польшчы.
Хто хаця б аднойчы быў на фестывалі музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, бадай, ніколі не забудзе атмасферы гэтага фестывалю, які свой назоў атрымаў ад абрэвіятуры назвы Беларускае аб’яднанне студэнтаў – БАС, адсюль і “Басовішча”.
Але БАС – гэта не толькі свята беларускага року ў Гарадку. Гаворыць старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Ілона Карпюк: “Мы працуем увесь год. Гэта не толькі канцэрты, але і паказы фільмаў, арганізацыя сустрэч, супрацоўніцтва з іншымі студэнцкімі арганізацыямі”.
БАС у Варшаве – гэта добра вядомыя не толькі мясцовым беларусам канцэрты “Беларускі андэграўнд”, беларускія вечарыны, сустрэчы.
На пачатку 1980-х маладыя беларусы – ініцыятары стварэння БАСу – былі захопленыя беларускай ідэяй, якая толькі пачынала па-сапраўднаму адраджацца на Беласточчыне, і на гэтай хвалі стварылі арганізацыю. Чым прыцягальны БАС для моладзі цяпер распавядае спадарыня Карпюк: “Вядома, сённяшняе грамадства можа запрапанаваць моладзі шмат розных спосабаў бавіць вольны час. Але мы пераконваем, што варта прызначыць свой час і на грамадскую дзейнасць. Неўзабаве ў БАСе зменіцца чарговае пакаленне – да ўлады і актыўнай дзейнасці ў арганізацыі прыйдуць новыя студэнты-беларусы. Планаў шмат. “Басовішча”, вядома, – гэта прыярытэт, але будуць і іншыя канцэрты. Хочам выдаваць беларускія кнігі, а таксама паспрабаваць выдаваць музычныя альбомы. Бо гэта тое, што пакідае па нас нейкі след”.
25-цігоддзе БАСу гэтымі днямі адзначаюць у Варшаве і Беластоку.
Радыё “Свабода”
|