Кардынал Казімір Свёнтак — Камандор ордэна Ганаровага легіёну

Кардыналу Казіміру Свёнтаку, Архібіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму на пенсіі, Апостальскаму Адміністратару Пінскай дыяцэзіі нададзена званне Камандора ордэна Ганаровага легіёну. Адпаведны дэкрэт падпісаў прэзідэнт Францыі Жак Шырак.

Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БелТА ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. “Узнагарода прысуджаная чалавеку, які ў вачах французаў увасабляе сабою гісторыю беларускага народа апошніх сямідзесяці гадоў”, — сказалі ў архідыяцэзіі.

Тут таксама паведамілі, што, па дадзеных амбасады Францыі ў Беларусі, Кардынал Свёнтак з’яўляецца першым і адзіным грамадзянінам Беларусі, уганараваным гэтага звання з моманту атрымання краінай незалежнасці.

Ордэн Ганаровага легіёну з’яўляецца вышэйшай ваеннай і грамадзянскай узнагародай Францыі. Яна была заснаваная Напалеонам Банапартам у 1802 годзе. У траўні 1998 года ордэн атрымаў кардынал Ёзэф Рацінгер, які пасля стаў Папаю Рымскім Бенедыктам XVI.

Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання Кардынала Казіміра Свёнтака знакам Камандора Ордэна Ганаровага легіёну адбудзецца 23 лістапада ў рэзідэнцыі пасла Францыі ў Беларусі. Падчас цырымоніі “патрыярху” касцёла будзе павязана чырвоная стужка з залатым крыжам камандора.

У ордэна Ганаровага легіёну пяць ступеняў адрознення. Камандор — трэцяя з іх.

Паводле belaruspartizan.org
‹‹ на галоўную | у архіў