Беларуска-шведскія культурныя семінары

11-12 лістапада ў Мінску адбыўся беларуска-шведскі семінар “Сучасны дызайн і народныя рамёствы”. Арганізатарамі мерапрыемства з беларускага боку выступілі: МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Рэспубліканскае маладзёжнае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Швецыю прадстаўлялі: Эва Мэльдаль з Міжнароднага культурнага цэнтру, і Барбара Ёхансан з асацыяцыі “SV”, якая займаецца арганізацыяй адукацыі для дарослых у Швецыі. Таксама ў мерапрыемстве брала ўдзел дызайнер са Стакгольма Аманда Чанфрэў.

Праведзены семінар – гэта толькі адзін з крокаў у працяглым супрацоўніцтве паміж нашымі арганізацыямі, якое пачалося некалькі год таму. Шведскія партнёры даўно цікавіліся Беларуссю, якая знаходзіцца ўсяго ў 700 км ад Швецыі. Беларусь мае адмысловую культуру, але і шмат падабенства са шведскай традыцыйнай культурай, а менавіта народнымі рамёствамі.

У пачатку 2005 г. адбыўся першы круглы стол, на якім партнёры мелі магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы стану беларускіх рамёстваў. Справа ў тым, што ў Беларусі надаецца недастатковая ўвага развіццю рамёстваў. Ёсць майстры, якія валодаюць унікальнымі тэхналогіямі, што са старажытнасці перадаваліся ад бацькоў і прадзедаў, але яны ўжо старыя. Улічваючы, што моладзь пакідае беларускія вёскі, гэтае майстэрства няма каму перадаваць у спачыну.

Вялікую зацікаўленасць у захаванні народных рамёстваў мае Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, якое шмат гадоў запар ладзіць экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі для таго, каб запісаць беларускі фальклор, сфатаграфаваць вырабы беларускіх майстроў. Менавіта “Бацькаўшчына” выступіла тым мостам, які звязаў шведскія арганізацыі і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. У мінулым годзе паездка па Брэсцкім рэгіёне адбылася ўжо з удзелам шведскіх гасцей і пры падтрымцы “Бацькаўшчыны”. Шведы былі ўражаны прастатой, гасціннасцю, таленавітасцю нашага народа, невычарпальным багаццем традыцый.

Падчас наступных сваіх прыездаў і сустрэч у 2005 і 2006 гадах, шведскія сябры імкнуліся перадаць свой вопыт захавання і папулярызацыі рамёстваў. Адной з такіх формаў з’яўляецца правядзенне навучальных семінараў, на якія запрашаюцца майстры, каб навучаць моладзь рамёствам.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, са свайго вопыту па арганізацыі такіх гурткоў у Беларусі, вызначыла, што ў гэтым годзе найбольш папулярнае пляценне паясоў. А на апошнім семінары ўдзельнікі, маладыя майстры, вывучалі як выкарыстоўваць сучасны дызайн пры працы з традыцыйным матэрыялам. Шведскія госці дзяліліся сваім вопытам, тэхналогіямі, перадалі вельмі шмат кніг па традыцыйным шведскім рамёствам, адначасова пазнаёміліся з унікальнымі творамі некаторых беларускіх майстраў і так захапіліся, што вырашылі наладзіць адмысловую аўтарскую выставу ў Швецыі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў