Пазіцыя Германіі да рэжыму ў Беларусі не зменіцца
Пра гэта сёння ў Мінску на сустрэчы з лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам заявіў Роналд Пофала, генеральны сакратар нямецкай партыі ХДС.
Як адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, генеральны сакратар партыі ХДС прыехаў у Мінск з цвёрдым пасланнем, сутнасць якога ў тым, што Еўропа застаецца адкрытай для супрацоўніцтва з Беларуссю, але толькі пры выкананні канкрэтных ўмоваў – распачынанне дэмакратычнага працэсу, стварэнне ўмоваў для правядзення празрыстых выбараў, вызваленне палітзняволеных.
Аляксандр Мілінкевіч назваў вынікі сустрэчы з Роналдам Пофалам надзвычай важнымі, тым больш, што Германія з 1 студзеня 2007 года будзе старшыняваць у Еўрасаюзе:
— Пазіцыя Германіі ў ацэнцы рэжыму ў Беларусі застаецца нязменнай. Безумоўна, працэс супрацоўніцтва з Беларуссю Еўропе можна пачынаць, нават нягледзячы на шматлікія парушэнні правоў чалавека, якія фіксуюцца ў нашай краіне. Але гэты працэс павінна пачаць менавіта беларуская ўлада. Яна павінна паказаць, што гатова вярнуць Беларусь на цывілізаваны шлях развіцця, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Для агенцтва БелаПАН А.Мілінкевіч дадаў: “Еўропа прытрымліваецца палітыкі прыадчыненых дзвярэй. Для таго каб увайсці ў гэтыя дзверы, беларускім уладам неабходна выканаць шэраг умоў.”
Па яго словах, у якасці такіх умоў кіраўнік ХДС назваў аднаўленне ў Беларусі дэмакратычных правоў і волі, правядзенне сумленных і справядлівых выбараў, а таксама спыненне палітычных рэпрэсій.
Галоўным падрахункам сустрэчы А.Мілінкевіч назваў той факт, што Еўропа не мае намер мяняць крытэрыі адзнак палітычнай сітуацыі ў Беларусі і адмаўляцца ад сваіх патрабаванняў.
Генеральны сакратар ХДС перадаў таксама Аляксандру Мілінкевічу асабістыя словы прызнання канцлера Германіі Ангелы Меркель. Спадарыня канцлер выказала таксама падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі.
Разам з лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сіл удзел у сустрэчы брала Ірына Казуліна, жонка палітзняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
Падчас гутаркі Ірына Казуліна паінфармавала кіраўніка ХДС аб стане здароўя яе мужа, які 20 кастрычніка пачаткаў бестэрміновую галадоўлю. Да асуджанага палітыка зараз не пускаюць не сваякоў, не адваката. Вядома толькі, што ён схуднеў на 11 кілаграмаў і адчувае сябе не вельмі добра.
Паводле www.kozylin.com
www.milinkevich.org
|