У Беларусі зніжаецца сярэдні заробак

За верасень намінальная налічаная зарплата ў Беларусь склала каля шасцісот шасці з паловай тысяч рублёў (у эквіваленце — 283 долары). Гэта амаль на 3% менш, чым у жніўні. Найбольш істотна паменшыліся заробкі ў чыноўнікаў – на 9% і ў работнікаў сельскай гаспадаркі (-10%). Крыху больш атрымліваць сталі толькі настаўнікі і работнікі культуры: іх заробкі выраслі прыкладна на 5%.

Эканамісты сцвярджаюць, што ёсць сезонныя ваганні (летам працаўнікам выплачваюць адпускныя, лекавую дапамогу), а ёсць і аб’ектыўныя прычыны зніжэння заробкаў. Меркаванне эканаміста Міхала Залескага.

— Урад паўстаў перад неабходнасцю прывесці ў адпаведнасць рост заработнай платы з ростам прадукцыйнасці працы. Бо ў Беларусі пачала складвацца сітуацыя, як было ў Польшчы за Гэрэкам: “дзьмутая” зарплата, палітычна “дзьмутая”, стала ўжо адмоўна ўплываць на рост прадукцыйнасці працы. Маўляў, “навошта мне ўпірацца, калі я і так ведаю, што мне падвышэнне і так будзе ў заработнай плаце?” А тут наперадзе як бы зніжэнне прадукцыйнасці наагул вытворчасці (з-за падвышэння коштаў на газ), і трэба нейкім чынам усё адрэгуляваць. Бяда толькі ў тым, што спахапіліся пазнавата”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа: ваганні сярэдніх заробкаў у межах 3% цалкам дапушчальныя, але эканаміста непакоіць іншая тэндэнцыя: “Зарплата пакуль перавышае эканамічныя паказчыкі. Унутраны валавы прадукт расце прыкладна на 10% у год, а зарплата – амаль на 20%. Вось гэта сапраўды праблема. А з іншага боку, у сельскай гаспадарцы прырост дзесьці 2,2% аб’ёма вытворчасці. Там яна і не можа расці”.

На думку спадара Залескага, далейшага значнага зніжэння сярэдняй зарплаты не чакаецца, але і такога істотнага росту – да 20% у год – таксама не будзе. Усё даволі лёгка выраўняць, замарозіўшы рост заработнай платы і захаваўшы рост цэнаў, што і робіць зараз урад, лічыць Міхал Залескі.

— Тут павінна быць сістэма “трыпартысцкая”: каб былі аб’яднанні работадаўцаў, каб былі аб’яднанні працоўных – прафсаюзы нармальныя, і быў урад. У нас фармальна гэта існуе, але фактычна прафсаюзаў няма, і работадаўцаў, па сутнасці, няма. Таму ўсё ідзе праз інтэнцыі, праз волю ўраду.

Знізіліся заробкі і ў жыхароў беларускай сталіцы, праўда, не вельмі істотна – з 362 да 359 даляраў. А вось паводле дадзеных Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі, масквічы атрымліваюць у сярэднім 1040 долараў у месяц (амаль у тры разы больш за мінчукоў).

А паводле разлікаў эканаміста, кіраўніка навукова-даследчага Цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, пры цяперашніх заробках беларусу трэба працаваць толькі на кватэру 23 гады, не купляючы больш нічога – ні прадуктаў, ні адзення. У сітуацыі, калі цягам жыццёвага цыклу ў прынцыпе немагчыма зарабіць на кватэру, знаходзяцца 95% беларускіх сем’яў.

Радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў