За 2006 год у Беларусі пакарана смерцю пяць чалавек

Аб гэтым паведаміў старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, удакладніўшы, што ў 2005 годзе смяротная кара была ўжытая ў двух выпадках. “Гэтыя пяць выпадкаў, калі ўжо нельга было знайсці змякчальных акалічнасцяў для нескарыстання смяротнай кары”, — растлумачыў Валянцінаў Сукала неабходнасць звяртацца да вышэйшай меры пакарання.

Па словах Валянціна Сукалы, павелічэнне колькасці смяротных прысудаў у параўнанні з мінулым годам звязана з “ростам серыйных забойстваў, калі пазбаўляюцца жыцця два, тры, чатыры чалавекі”.

“Вядома, у гэтым выпадку і грамадства, і суды трапляюць у вельмі складаную сітуацыю, бо ў гэтых выпадках пажыццёвае зняволенне таксама не адпавядае зробленаму”, — цытуе “Інтэрфакс” Валянціна Сукалу.

Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, смяротная кара можа быць ужытая ў Беларусі ў дачыненні да злачынца, прызнанага вінаватым у забойстве, развязванні вайны.

Вышэйшая мера пакарання можа ў Беларусі таксама ўжывацца за дзеянні, здзейсненыя з мэтай планамернага знішчэння поўнасцю або часткова якой-небудзь расавай, нацыянальнай, этнічнай, рэлігійнай групы. Акрамя таго, смяротны прысуд можа быць вынесены ў дачыненні вінаватага ў муках або актах жорсткасці, а таксама ў некаторых іншых выпадках.

Варта адзначыць, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, у якой ужываецца смяротная кара. У Расіі зараз дзейнічае мараторый на ўжыванне смяротнай кары. Акрамя Расіі, усе краіны Савета Еўропы ўвялі канстытуцыйную забарону на смяротную кару. Замацаваць канстытуцыйную забарону на смяротную кару патрабуе пратакол аб адмене смяротнай кары Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Пакуль Расія падпісала, але не ратыфікавала гэты дакумент.

Паводле www.telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў