Змітра Дашкевіча прыгаварылі да аднаго года і шасці месяцаў калоніі

1 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска завяршыўся працэс па справе лідэра Маладога Фронту Змітра Дашкевіча. Яго прыгаварылі да 1 года і шасці месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

“Прысуд быў вынесены па крымінальным артыкуле — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, — паведамляе карэспандэнт “ERB” Мікалай Карнейчук. — Прысутныя грамадскія дзеячы і адвакат зазначылі, што незарэгістраваных арганізацый цяпер даволі многа, што арганізацыя, у якой дзейнічаў Зміцер, не была тэрарыстычнай. Прысуд ацэньваецца як жорсткі. Адвакат паабяцаў яго абскардзіць. Агулам каля будынку суда сабралася каля 200 маладых людзей і каля 50 назіральнікаў, журналістаў, дыпламатаў, грамадскіх дзеячаў”.

А восьмай гадзіне вечара на Кастрычніцкай плошчы распачалася акцыя ў падтрымку палітвязня Зміцера Дашкевіча. Па паведамленні Артура Фінькевіча: “Сабралася некалькі дзесяткаў маладафронтаўцаў для таго, каб выказаць пратэст супраць прысуду Зміцеру Дашкевічу. Пад’ехаў аўтазак, і супрацоўнікі спецназа загрузілі туды 12 чалавек. Туды трапіла і журналістка радыё “Свабода” Любоў Лунёва. Хлапцоў вельмі моцна збілі. Спецназаўцы здзекаваліся з партрэтаў Дашкевіча, пратыкалі вочы, рот і казалі, што вы наступныя. Любоў Лунёву па дарозе ў пастарунак высадзілі, калі даведаліся, што яна журналістка”.

Пазней адпусцілі ўсіх, за выключэннем Зміцера Хведарука і Глеба Сандраса. А сёння па справе маладых актывістаў быў працэс у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Аляксей Бычко адмовіўся заслухаць сведак з бакоў Зміцера Хведарука і Глеба Сандраса і вынес ім пакаранні –
Зміцера Хведарука пакаралі трыма суткамі арышту;
Глеба Сандраса аштрафавалі на 2 базавыя велічыні (62 000 руб.)

Паводле Еўрапейскае радыё для Беларусі
і радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў