Беларуская касмічная база на арбіце Юпіцера
Беларусь будзе будаваць касмічную базу на арбіце Юпітэра для запуску караблёў у далёкі космас
Лічаце, што сказана занадта гучна? Няма праблем — не зусім будаваць, але адправіць туды сваю тэхніку. Усё роўна непраўдападобна? Але загаловак цалкам адпавядае маштабу тых праектаў, у якіх збіраецца ўдзельнічаць альбо якія плануе рэалізаваць Беларусь у бліжэйшы час пакуль яшчэ на ўласнай планеце. Чытаеш паведамленні афіцыйных СМІ і заявы высокапастаўленых службоўцаў – “дыханне перахапляе” ад “маштабнасці і адвагі рашэнняў”, а часам і са смеху. Беларускае – відавочнае-неверагоднае.
То Беларусь удзельнічае ў праекце па здабычы ўсёй нездабываемай венесуэльскай нафты і далейшай яе продажы ўтрая даражэй у ЗША. То цягне нітку газаправоду ад Паўднёвага да Паўночнага полюсу праз лацінаамерыканскія краіны, выкарыстоўваючы пры гэтым, па-за ўсякім сумненнем, трубы, вырабленыя на ўласным металургічным камбінаце. То забяспечвае трактарамі МТЗ і тэлевізарамі “Гарызонт” усе краіны ва ўсходнім паўшар’і.
А ў самой Беларусі – лёдавы палац і футбольны манеж у Мінску, Нацыянальная бібліятэка (!!!), а ў планах новы спарткомплекс у сталіцы і лёдавы палац у Бабруйску. Вось гэта размах. Хоць у Бабруйску трэба было будаваць усё-такі пабольш і галоўнае павышэй, каб з Ізраіля няўзброеным вокам было відаць. Тады б яны ўсе адразу вярнуліся. Хто яны? Фундатары – з золатам і дыяментамі.
А якая роля ў Беларусі на сусветнай арэне! “Пуп” сусвету. Цэнтральная роля ў Руху недалучэння і, вядома, ва ўсякіх там СНД, ЕУРАЗЭС, і ЕЭП. Дагэтуль у роздумах – уступаць у ШОС або як.
Гонар проста захліствае, і захлісне яшчэ больш — Беларусь прапрацоўвае магчымасць свайго ўдзелу ў мадэрнізацыі і пашырэнні Панамскага канала. Аўгустоўскі ўжо рэканструіравалі. Прынамсі, як паведаміў міністр замежных спраў Беларусі, краіна плануе накіраваць у Панаму тэхніку для ўдзелу ў дадзеным маштабным праекце.
Сяргей Мартынаў нагадаў словы Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі няма геапалітычных амбіцый, але ёсць геапалітычныя інтарэсы, і растлумачыў, што гэта азначае на практыцы.
“Беларусь як дзяржава, якая ў значнай ступені залежыць ад экспарту, мае эканамічныя інтарэсы ва ўсіх краінах, дзе ёсць магчымасць зарабляць на міжнародных рынках”, — сказаў міністр.
Усё ж такі гаворка ідзе аб заробку, бо першапачаткова склалася ўражанне, што тэхніку для мадэрнізацыі Панамскага канала Беларусь плануе адправіць ці ледзь не бясплатна. Гэта ж міжнародны і вельмі прэстыжны праект, то бок амаль як дабрачынны. Як пінгвінаў у Антарктыдзе лічыць. А дзеля такога прэстыжу хіба шкада некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў на транспартныя выдаткі і пералёты Боінга?
Паводле afn.by
|