“Салодкая вайна” паміж Беларуссю і Расіяй

“Салодкая вайна” паміж Беларуссю і Расіяй, падобна, пачалася неабыякая. Зараз супраць беларускіх кандытараў выступілі расійскія адвакаты.

Спачатку гэта выглядала як неспадзяванка. Нешта накшталт кепскага анекдота. Потым стала не да смеху... Пад Смаленскам і ў іншых месцах расійскія мытныя службы сталі затрымліваць фуры, якія пастаўляюць у Расію беларускія цукеркі. Прычыны — расійскім кандытарам, якія аб’ядналіся ў саюз, косткаю ў горле сталі беларускія тавары.

Зразумела, што быць канкурэнтам на роўных правах цяжка, тым больш што гомельскія і мінскія цукеркі, якія вырабляюцца па традыцыйных рэцэптах, выйграюць перад хімічнымі вырабамі некаторых расійскіх фірмаў. Але замест таго, каб паляпшаць якасць, канкурэнты, стварыўшы арганізацыю “Аб’яднаныя кандытары”, адкапалі іржавую сякеру вайны... Фармальнай падставай паслужыла тое, што беларускія цукеркі носяць папулярныя назвы “Мишка на севере”, «Барбарис», «Дюшэс», а шакаладкі – «Алёнка» ... А гэта быццам бы... выключная інтэлектуальная ўласнасць расійскіх вытворцаў.

Да таго ж, на гомельскім “Спартаку”, мінскай “Камунарцы”, на “Слодычы” і “Чырвоным харчавіку” рэзка скараціўся імпарт, запоўніліся склады, прадпрыемствы нясуць вялізную страту. Вось толькі адна лічба: гомельскі “Спартак” штомесяц адгружаў у Маскву 1.100 тон прадукцыі, зараз — толькі каля двухсот.

Газета “Савецкая Беларусь” лічыць сітуацыю бязладдзем і абсурдам. Але не звяртайце ўвагі ў артыкуле, які мы цытуем, на эмацыйныя адзнакі — на вайне як на вайне. А “салодкая вайна” паміж Беларуссю і Расіяй, відаць, пачалася неабыякая.

“У гэтага бязладдзя ёсць перадгісторыя, — піша карэспандэнт “СБ”. — Вось што распавядае першы намеснік дырэктара ТАА “Спартак” Тамара Падзярун: “Для больш эфектыўнай знешнеэканамічнай дзейнасці ў пачатку цяперашняга года “Спартак”, “Камунарка”, “Чырвоны мазыранін”, “Чырвоны харчавік” і “Слодыч” — асноўныя вытворцы кандытарскіх вырабаў — зарэгістравалі ў Маскве гандлёвую фірму “Белкандытар”. Узровень продажу адразу ж вырас. Гэта, натуральна, прыйшлося не да спадобы некаторым нашым калегам кандытарам. У выніку былі прынятыя адкрыта рэпрэсіўныя меры. Інакш я не магу ахарактарызаваць нецывілізаваныя падыходы да канкурэнцыі”. Каментарыем да гэтых слоў могуць стаць цэннікі на прылаўках крам. Вось дзве цалкам аднолькавыя (знешне) цукеркі “Красная шапочка” – вырабленыя ў Гомелі і ў Расіі. Недасведчаны пакупнік цалкам можа аддаць перавагу расійскім цукеркам — яны істотна танней беларускіх. Чаму? НДІ кандытарскай прамысловасці Расіі афіцыйна дазволіў сваім вытворцам выпрацоўваць глазур з раслінных і штучных тлушчаў замест алею з какава бабоў і назваць гэтую маласмачную і не бясшкодную імітацыю — шакаладам. У нас такія нумары не праходзяць: калі не выкананы міжнародны стандарт, то фальсіфікаваны, па сутнасці, прадукт далей склада не пойдзе.

Таму наша “Красная шапочка” захоўвае ўсе смакавыя якасці са старых добрых часоў. І ў выніку — пакупнікі ў гэтым пачынаюць разбірацца. Няякасныя цукеркі, хоць і хораша спакаваныя, і якія носяць папулярныя назвы, перастаюць карыстацца цікавасцю. Усё часцей і часцей у Расіі аддаюць перавагу цукеркам, дастаўленым з Мінска і Гомеля. Расійскія фірмы з-за гэтага страчваюць.

Але выхад з гэтага становішча “Аб’яднаныя кандытары” знайшлі просты, адпаведны цяперашняй модзе. Замест таго, каб вярнуцца да традыцыйнай рэцэптуры, падвысіць якасць, паменшыць апетыт на выманне звышпрыбытку, яны паслалі ў бой войскі юрыстаў. Тыя знайшлі геніяльна-прымітыўны выхад. Як вядома, “Барбарис”, “Дюшэс” і г.д. у часы Савецкага Саюза выпускаліся кандытарскімі фабрыкамі ад Львова да Уладзівастока. Хто зараз успомніць аўтара назвы, або, як цяпер гавораць, брэнду, найпапулярнейшай цукеркі “Мишка на Севере”?

Магчыма, яе прыдумалі на маскоўскай фабрыцы імя Бабаева, а, магчыма, на гомельскім “Спартаку”? Хто зараз гэта можа даказаць, калі гадоў 80 усе кандытарскія фабрыкі працавалі па адных стандартах і па адной рэцэптуры? Гэта ўсё роўна, як калі б хто-небудзь сёння сказаў, што я прыдумаў слова “Волга” і таму маю прыярытэт на гэты назоў. Так і з цукеркамі. У добрым тэмпе запатэнтаваўшы найменне “Мишка на Севере”, “Барбарис” і г.д., “Аб’яднаныя кандытары” абвясцілі, што беларусы з гэтага часу не маюць правы выкарыстоўваць гэтыя назвы. Гэта быў сапраўдны ўдар ніжэй пояса! Не маючы ні маральнага, ні, па сутнасці, юрыдычнага права на падобныя дзеянні, “Аб’яднаныя кандытары” запалілі перад беларускімі калегамі чырвонае святло. Вядома, нехта можа сказаць, што беларусы, маўляў, “праспалі”, што трэба гэта жа было зрабіць раней расейцаў, і тады ўжо масквічы не маглі б назваць цукеркі “Красной шапочкой”. Але наўрад ці такія дзеянні былі б правамернымі. І не толькі таму, што яны юрыдычна немагчымы. Прасцей за ўсё падмяніць якасць і стоадсоткавы шакалад кручкатворствам і фармальнымі адвакацкімі выкрутамі. Розныя штучныя цукры, салодкія пліткі і ім падобныя сурагаты ўсё роўна застануцца сурагатам, а не смачным, карысным і якасным шакаладам. Беларускія кандытары аддаюць перавагу якасці, у гэтай антыканкурэнтнай мітусні-барацьбе за пакупніка! Усё роўна ж спажыўцы, якія купляюць для дзяцей “Алёнку”, з часам перавагу пластыліну аддадуць добраму сапраўднаму шакаладу.

Абагульнім некаторыя ўражанні ад бязрадаснага знаёмства з новымі праблемамі, якія наносяць адчувальную шкоду дзейнасці кандытарскай галіне. Канешне, яна не з’яўляецца стратэгічнай, але не трэба забываць — на прадпрыемствах галіны працуюць тысячы чалавек, а іх прадукцыя ўваходзіць у агульны харчовы асартымент. Ды і знешнеэканамічны складнік таксама значыць нямала. Адна ж толькі гісторыя з моцным ударам па сістэме “Белкандзіцера” балюча рэзаніравала па ўсіх прадпрыемствах галіны. Няма жадання згушчаць фарбы, але калі справа так пойдзе і далей, то беларусы, першымі будуць змушаныя здавольвацца нізкапробнымі вырабамі тых, хто ў прыгожае пакаванне закладвае не выраблены з какава бабоў выдатны шакалад, а падсоўвае разнастайныя сурагаты. Затым — мы, пакупнікі, сваімі грашыма будзем стымуляваць не мазырскіх кандытараў, а больш напорыстых і дынамічных імпарцёраў.
Як цяпер праявіць клопат аб нашым, беларускім, вытворцы? Тым больш што ён гэтага заслугоўвае.

Паводле belaruspartisan.org
‹‹ на галоўную | у архіў