Удзельнікі паста-галадоўкі ў крытычным становішчы

Паважаныя прадстаўнікі грамадзянскіх аб’яднанняў Беларусі, вы ведаеце, што ўжо 19 дзён доўжыцца пост-галадоўка вернікаў царквы “Новае жыццё” ў абарону занятага імі памяшкання, якое яны законна набылі і пераабсталявалі са старога кароўніка.

З першага дня галадоўку падтрымліваюць нашы калегі з трэцяга сектару, у прыватнасці, вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч. Ён прыналежыць да іншай хрысціянскай канфесіі, але не мог не прыняць удзелы ў пасце-галадоўцы па меркаваннях доўгу і маралі. Там таксама находзіцца прадпрымальнік Дзяніс Гіль і пастар з Брэста Юрый Аліеў.

Галадоўка падзейнічала на ўлады і яны, прынамсі, на словах, пайшлі на дыялог з пастарам царквы “Новае жыццё” Вячаславам Ганчарэнкам. Аднак прыняцце канчатковага, рэальнага рашэння зацягваецца. Паміж тым, стан фізічнага здароўя 6-ці чалавек, галадаючых з першага дня акцыі, становіцца крытычным, і гэта пацвярджаецца медыцынскімі аналізамі крыві. Звычайна ў сярэднім на 25-дзень галадуючыя ўпадаюць у каматозны стан або паміраюць.

У гэтых умовах паўстала вострая неабходнасць даць знешні стымул кіраўніцтву царквы “Новае жыццё” для пераходу ад чакання перамоваў з уладамі да актыўных дзеянняў, якія сёння з’яўляюцца ўмовай выратавання жыцця людзей. У сувязі з гэтым просім вас выявіць разуменне крытычнасці сітуацыі і падтрымаць наш зварот да кіраўніцтва царквы “Новае жыццё” і Пастарскай радзе. Тэкст звароту чытайце далей.

Просім вас таксама быць гатовымі сумесна наведаць царкву “Новае жыццё” з тым, каб асабіста ўручыць дадзены зварот пастару і Пастарскай радзе.

Ад вашага ўдзелу залежыць жыццё шасці чалавек!
Ці ёсць у вас на сёння справа больш важкая за гэту?

Таццяна Пашэвалава, Анатоль Швецоў,
Андрэй Ягораў, Вячаслаў Чарняўскі і інш.

Зварот
прадстаўнікоў грамадзянскіх аб’яднанняў Беларусі
да пастара Вячаслава Ганчарэнкі,
вернікаў царквы “Новае жыццё”
і Пастарскай Рады Аб’яднання Суполак Поўнага Евангелля

Паважаныя вернікі,
Браты і сёстры,
Жыццё нашых сяброў і калег знаходзіцца ў смяротнай небяспецы!

З 37 чалавек, што стала знаходзяцца ў будынку царквы “Новае жыццё”, шэсць чалавек галадаюць з 5 кастрычніка, што складае ўжо 21 дзень. Аб'ектыўныя медыцынскія паказчыкі гавораць аб тым, што на працягу бліжэйшых некалькіх дзён для гэтых людзей галадоўка можа скончыцца трагічна.

Вернікі і пастар царквы “Новае жыццё” знаходзяцца ў чаканні судовага рашэння і далейшага дыялогу з уладамі. Тэрмін гэтага чакання не вызначаны. Без дадатковых дзеянняў з боку пастара, царквы “Новае жыццё”, хрысціянскіх цэркваў і проста неабыякавых людзей ён можа расцягнуцца яшчэ на доўгія тыдні і месяцы. Ці змогуць у гэтым выпадку людзі, не прымаючы ежу з 5 кастрычніка, выдужаць у пасце-галадоўцы без рызыкі для ўласнага жыцця?

Мы заклікаем пастара царквы “Новае жыццё” і Пастарскую раду дзеля захавання жыцця і здароўя людзей звярнуцца за дапамогай да іншых канфесій і да шырокай грамадскасці, і не грэбаваць падтрымкай, аказваемай царкве з боку грамадскіх аб’яднанняў.

Мы просім Вас, Вячаслаў, падтрымаць словам пастара нашу просьбу да галадаючых з 5 кастрычніка, выйсці з галадоўкі.

З павагай, прадстаўнікі грамадзянскага аб’яднання Беларусі:
Таццяна Пашэвалава, Анатоль Швецоў, Андрэй Ягораў, Вячаслаў Чарняўскі, Валадар Цюрпанаў, Ірына Капарыха, Ірына Сухій, Леанід Каліценя, Уладзіслаў Вялічка.

‹‹ на галоўную | у архіў