Заява ў падтрымку царквы “Новае жыццё”

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае глыбокую заклапочанасць і разуменне праблем, якія вымушана паўсталі перад мінскай пратэстанцкай царквой “Новае жыццё” Аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь.

Нежаданне мясцовых улад (Мінгарвыканкама) надаць культавы статус будынку царквы (м-н Сухарава, вул. Кавалёва, 72), захады па фактычнай экспрапрыяцыі будынку і зямельнага надзелу вакол яго носяць гвалтоўны і несправядлівы характар. Усё гэта яскрава нагадвае адрынутыя гісторыяй ленінска-сталінскае ды хрушчоўскае “змаганні з рэлігіяй” і патыхае палітыкай “ваяўнічага атэізму”. І ў той жа час на высокім дзяржаўным узроўні гучаць запэўніванні ў зацікаўленасці і гатоўнасці ўлады да плённага супрацоўніцтва з рэлігійнымі сацыяльнымі інстытутамі. Як гэта разумець?!

Сябры Згуртавання салідарызуюцца з сотнямі вернікаў, якія здзяйсняюць духоўны подзвіг у імя Госпада, шляхам галадоўкі пратэстуючы супраць беззаконня і парушэння сваіх грамадзянскіх і рэлігійных правоў. Трагізм сітуацыі заключаецца ў тым, што нават такая ахвярнасць доўгі час застаецца па-за ўвагаю абыякавага чынавенства. Аб якой жа духоўнасці і вышэйшай справядлівасці сучаснага беларускага ладу можна казаць?!

Статутнай мэтай дзейнасці МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” з’яўляецца якраз яднанне і кансалідацыя беларусаў незалежна ад іх палітычных поглядаў і рэлігійных перакананняў. Прадстаўнікі беларускай дыяспары жывуць у краінах свету з самымі рознымі дамінуючымі веравызнаннямі, у тым ліку – з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам. Зразумела, што такія неабачлівыя крокі з боку гарадской улады ў адносінах да вернікаў царквы “Новае жыццё” самым негатыўным чынам адбіваюцца на прэстыжы Рэспублікі Беларусь у міжнародным супольніцтве і ўскосна закранаюць інтарэсы замежных беларускіх зямляцтваў.

З часоў беларускай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, у якім прынцып рэлігійнай верацярпімасці быў замацаваны ў спецыяльных артыкулах знакамітага айчыннага Статута ВКЛ 1588 г., для беларусаў як нацыі характэрныя канфесійная талерантнасць, духоўнасць і спагада ў вырашэнні грамадскіх і жыццёвых спраў.

Вось чаму МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звяртаецца да ўсіх зацікаўленых афіцыйных асобаў і грамадскіх структур з просьбай як мага найхутчэй вырашыць узніклы канфлікт з улікам пажаданняў вернікаў і надалей пазбягаць падобных інцыдэнтаў на рэлігійнай глебе. Гэта не толькі дапаможа захоўваць сацыяльны спакой у беларускім грамадстве, але і будзе спрыяць годнаму пачуванню суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь у сусветнай цывілізацыйнай прасторы ХХІ стагоддзя.

Управа МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
24.10.2006 г.
‹‹ на галоўную | у архіў