Сяброўства беларусаў Літвы і Эстоніі
У горадзе Нарва прайшоў фестываль “Спяваюць беларусы Прыбалтыкі”, у якім прыняло ўдзел культурна-асветнае таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс) па запрашэнні кіраўнікоў таварыства “Крыніца” г.Cіламяэ (Эстонія) Сяргея і Таццяны Тульжэнкаў.
Пад час фестывалю адбылося знаёмства з беларускімі таварыствамі краю Іда–Вірумаа, якія арганізавалі гэта свята: “Сябры” – г.Нарва (існуе 7 год); “БЭЗ” – г. Йыхва (існуе 17 гадоў); “Крыніца” – г. Сіламяэ (існуе 1 год); “Лёс” – з Таліна (існуе 10 год). Па іх запрашэнню на фестываль з’ехаліся таксама і іншыя нацыянальныя таварыствы горада Сілламяэ: таварыства славянскіх культур “Святагор”, украінскае зямляцтва, рускае таварыства “Русіч”. На свяце прысутнічаў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Таліне А.Астроўскі, які выказаў свае віншаванні і пажаданні ўдзельнікам фестывалю.
Арганізатар свята – беларускае таварыства “Сябры” існуе з 1999 года, ім аб’яднана больш за 50 чалавек. “Сябры” ўваходзяць у каардынацыйны савет нацыянальных таварыстваў Нарвы, “круглага стала” пры старэйшыне Іда–Вірумаа, у асацыяцыю беларусаў Эстоніі і народаў Эстоніі.
Увогуле ў гэтым эстонскім горадзе існуе 15 нацыянальных суполак, сярод якіх эстонскае таварыства, эстонска–беларускае, таварыства інгерманландскіх фінаў, дзве яўрейскія абшчыны, нямецкае, польскае, шведскае, татарскае, чувашскае, узбекскае, беларускае, рускае, украінскае, славянскае таварыствы.
Для гасцей з Латвіі былі арганізаваны экскурсіі на вадаспад Валластэ ў Онціка (25-метровы вадаспад з’яўляецца прыроднай спадчынай і нацыянальным сімвалам) і ў жаночы манастыр Курэмяэ – гэта Пюхціцкі манастыр у гонар Успенія Прасвятой Багародзіцы – адзін са старэйшых у Эстоніі. Пюхціца ў перакладзе з мясцовага змешанага дыялекта “свяшчэннае месца”. Згодна легендзе, сяляне ў XVI стагоддзі сталі сведкамі дзівоснага з’яўлення Дзевы Марыі, а пазней знайшлі ў падножжа старажытнага дуба праваслаўную ікону. Яна выяўляла Багародзіцу на смяротным ложы і стала свяшчэннай рэліквіяй. Старажытны дуб, які існуе і сёння, ў абхваце 4,17 м. Гэта адзінае свяшчэннае дрэва, якое захавалася да нашага часу. Згодна павер’ям, дапамагае пры хваробах: трэба пахадзіць вакол дуба па гадзіннікавай стрэлцы. Недалёка ад дрэва знаходзіцца ахвярная крыніца, лічаць, што вада там цудадзейная.
Госці з Даўгаўпілса даведаліся многа цікавага, шчыра палюбілі эстонскія краявіды, а пра беларусаў Эстоніі напісалі, што гэта адны з самых шчырых, гасцінных, добразычлівых гаспадароў.
Уздымаўцы былі прыемна ўражаны і мястэчкам Сілламяэ. Гэта малады партовы горад (1957 год). У ім працуе вядомае акцыянернае таварыства “Silmet”, якое займаецца апрацоўкай рэдкіх зямельных металаў.
Беларусам з Даўгаўпілса давялося пераадолець доўгі шлях да Сілламяэ – больш за 700 кіламетраў. Фінансавую падтрымку ў аплаце транспартных выдаткаў аказалі Даўгаўпілская гарадская Дума і Цэнтр беларускай культуры, якім яны выказваюць сваю шчырую ўдзячнасць. Падобныя знаёмствы толькі на карысць развіцця шчырых узаемаадносін паміж народамі Прыбалтыкі. Культурна-асветнае таварыства “Уздым” таксама выказвае словы вялікай падзякі таварыству “Радзіма” за падтрымку суайчыннікаў за мяжой. Менавіта яны пазнаёмілі дзвюх Таццян (Тульжэнка і Бучэль), дзякуючы чаму і пачалася дружба дзвюх беларускіх прыбалтыйскіх суполак. Сяброўства пачалося з выставы “СМІ–2006”, дзе адбылася прэзентацыя беларускага друку замежжа. Тады ў адным пакоі пасяліліся прадстаўнікі Даўгаўпілса і Сілламяэ. На працягу трох дзён было аб чым пагаварыць і што абмеркаваць – аднолькавыя погляды на развіццё беларускай культуры ў Прыбалтыцы.
Паводле інфармацыі ад Таццяны Бучэль,
Даўгаўпілс, кастрычнік, 2006
|