“Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”

Усіх, хто цікавіцца мінулым Беларусі, будзе цікава пазнаёміцца з новай гістарычнай аповесцю Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”. Кніга толькі выйшла ў свет, была надрукаваная па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і тэхнічнай дапамозе ПУП “Кнігазбор”.

“Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” – гэта мастацка-гістарычны твор, які раскрывае таямнічыя старонкі гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У кнізе апавядаецца аб трох пакутніках хрысціянскай веры Іаане, Антоніі і Яўстафіі, што ў 1374 годзе былі кананізаваныя ў Канстанцінопалі. А цікавыя гэтыя асобы тым, што ў язычніцтве насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, і былі прыдворнымі фаварытамі князя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Альгерда. Але па палітычным прымусу князь вымушаны быў аддаць хрышчоных жрацам на пакутніцкую смерць...

Вольга Іпатава ў сваёй кнізе раскрывае гэту гісторыю і, нават, расказвае пра лёс мошчаў трох пакутнікаў. “У гэтай аповесці мне хацелася звярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўлены, каб над нашай краінай прасціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў свеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы...” — піша ў прадмове аўтарка.

Кніга выдадзеная накладам у 1000 паасобнікаў і пазнаёміцца з ёй Вы можаце ў бібліятэках, альбо замовіць сабе экземпляр праз выдавецтва “Кнігазбор” (тэл./факс (017) 204-86-97), ці пашукаць у кнігарнях.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў