Візіт Івонкі Сурвіллы ў Варшаву...
Івонка Сурвілла: “Будзе найвялікшай радасцю для нас — перадаць наш мандат дэмакратычнаму беларускаму ўраду”
Гэтымі днямі з візітам у Варшаву завітала прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла, а таксама вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, шматгадовы дырэктар радыё “Свабода” Вячка Станкевіч. Падчас сустрэчы з журналістамі ў сядзібе Беларускай службы Радыё “Палонія” яны распавялі пра дзейнасць беларускага ўраду ў выгнанні.
— Шмат хто папракае Раду БНР, што гэтая ўстанова з’яўляецца выключна сімвалічным органам, які прадстаўляе Беларусь. Аднак вашы шматлікія візіты да першых асобаў у розных дзяржавах свету сведчаць пра іншае. Раскажыце, калі ласка, якім чынам Рада БНР працуе на карысць Беларусі?
І. Сурвілла: Я думаю, што сімвалам мы ніколі не былі, бо заўсёды трэба было нешта рабіць дзеля сітуацыі ў Беларусі. А асабліва ў тыя гады, калі беларускі народ не меў права на слова, яго ніхто не чуў. У той час мы лічылі сябе голасам беларускага народу і рабілі ўсё магчымае, чаго ён сам ня мог рабіць. Мы стараліся, каб Беларусь не была згубленая на мапе свету. Першыя гады пасля незалежнасці мы думалі пра тое, каб перадаць мандат БНР новаму беларускаму ўраду. Але ў 1994 годзе мы зразумелі, што гэта не атрымаецца. З таго моманту мы ізноў сталіся абаронцам беларускай незалежнасці.
— Вы якраз вяртаецеся з паездкі ў балтыйскія краіны, дзе Вы сустракаліся з міністрамі замежных спраў Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Як вы думаеце, ці яны насамрэч разумеюць беларускую сітуацыю, ці гэта жаданне дапамагчы, але да канца не зразумела, якім чынам?
І. Сурвілла: Калі яшчэ некалькі год таму гаварылася пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і пра жаданне гэтых краінаў супрацьстаяць гэтаму, то зараз яны кажуць, што Беларусь сталася іхным прыярытэтам. Яны разумеюць пагрозу Беларусі з боку суседзяў, пагрозу знішчэння беларускай культуры і людскіх правоў.
— Пытанне да сп. Станкевіча, які ў Радзе БНР выконвае функцыі сакратара ўнутраных спраў. Сп. Вячка, як выглядае адміністратыўная арганізацыі Рады, у якіх краінах прадстаўлены інтарэсы БНР і якія іх асноўныя функцыі?
В. Станкевіч: Рада складаецца з 80 радных. Гэтыя радныя працуюць у краінах Паўночнай Амерыкі: ЗША і Канадзе, у Еўропе: у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Галандыі, Нямеччыне, Польшчы, у балтыйскіх краінах, Чэхіі, а таксама ў Аўстраліі. У краінах, дзе беларуская дыяспара досыць вялікая, ствараецца сектар, і ў супрацоўніцтве з беларускімі арганізацыямі яны там прадстаўляюць беларускія інтарэсы. У Вашынгтоне мы маем сталыя кантакты з Дзярждэпартаментам, кантакты з арганізацыямі, якія дапамагаюць НДА ў Беларусі, з кангрэсменамі і сенатарамі. Вельмі важна, каб гэтае зацікаўленне Беларуссю, якое зараз назіраецца, ня сталася кароткачасовым. Нашая задача заключаецца ў распаўсюджванне звестак пра Беларусь.
— А за якія сродкі існуе ваша структура? Бо для дзейнасці такога органу патрэбныя грошы?
В. Станкевіч: Рада дзейнічае цалкам незалежна. Яна ня мае і не жадае мець магчымасцяў атрымоўваць нейкія сродкі ад іншых дзяржаў, бо тым самым ствараецца залежнасць. Мы працуем вельмі ашчадна, ня маем платных супрацоўнікаў, хаця, магчыма, гэта хутка зменіцца. Грошы мы здабываем, дзякуючы дабрачыннай акцыі “Дар Сакавіка”, якая адбываецца вясною.
— Пры якіх умовах і калі, на Вашу думку, Рада БНР завершыць выкананне сваіх абавязкаў?
І. Сурвілла: Гэта будзе тады, калі Беларусь станецца сапраўды дэмакратычнай краінай. Для гэтага патрэбны ня толькі дэмакратычна абраны прэзідэнт, але і ўстановы, якія пільнавалі б сітуацыю. Каб гэта ізноў не абвалілася. Паводле статуту Рады БНР, павінен адбыцца Канстытуцыйны Сойм. Мы хочам мець гарантыю, што Беларусь застанецца незалежнай еўрапейскай дзяржавай. І гэта будзе найвялікшай радасцю для нас, калі мы перададзім наш мандат дэмакратычнаму беларускаму ўраду.
Паводле радыё “Polonia”
|