Інфармацыйна-пошукавая сістэма па роду Радзівілаў

Архівы Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы ствараюць інфармацыйна-пошукавую сістэму па роду Радзівілаў. Беларускі архіў з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце сховішчаў дакументаў князёў Радзівілаў (каля 26 тыс. адзінак) з XIV стагоддзя па 1939 год. Другая вялікая частка матэрыялаў знаходзіцца ў Галоўным архіве старажытных актаў, што ў Варшаве. Невялікая колькасць дакументаў месціцца ў архівах Літвы і Украіны.

У гэтых чатырох краінах захоўваюцца граматы, дакументы, датычныя кіравання маёнткамі, перапіска Радзівілаў па службовых, вайсковых, асабістых пытаннях, а таксама кнігі-радаводы, генеалагічныя табліцы, дароўныя, завяшчанні і іншыя дакументы. Раней яны захоўваліся ў Нясвіжскім архіве, створаным у 1551 годзе адным з князёў услаўленага магнацкага роду.

Ала Галубовіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва, адзначыла, што мэта праекту — аб’яднанне ў інфармацыйна-пошукавай сістэме некалі адзінага нясвіжскага архіўнага комплексу. Пачатак гэтай працы паклала мінулая ў 2001 годзе ў Варшаве нарада па рэалізацыі праекту “Архіў роду Радзівілаў”, на якім прадстаўнікі Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве.

“Пратакол прадугледжвае на падставе міжнароднага стандарту апісання ІСАД стварэнне адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-пошукавай сістэмы па архіву роду князёў Радзівілаў”, — растлумачыла кіраўнік архіва. На першым этапе кожная краіна павінна стварыць сваю інфармацыйна-пошукавую сістэму па дакументах роду Радзівілаў. Другі этап прадугледжвае абмен копіямі дакументаў на парытэтных пачатках, трэці — падбор дакументаў і іх адлічбоўку.

Ала Галубовіч дадала, што пакуль да рэалізацыі праекту прыступілі толькі Беларусь і Польшча, таму гаварыць аб тэрмінах завяршэння прац заўчасна.

Радзівілы — адзін з найбуйнейшых магнацкіх радоў Еўропы, прадстаўнікі якога на працягу стагоддзяў займалі высокія дзяржаўныя пасты, адыгрывалі важную ролю ў яе палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці.

Паводле БДГ-online і БелТА
‹‹ на галоўную | у архіў