Беларусь жадае самастойнасці ў транзіце праз Латвію
Транзіт займае ключавое месца ў беларуска-латвійскім узаемадзеянні, аднак апошнія некалькі гадоў бізнэс-асяроддзе Латвіі ўстрывожанае чуткамі пра тое, што Беларусь збіраецца пераарыентаваць свае грузаплыні з Вентспілса на іншыя парты Балтыкі і нават зусім пускаць іх у абыход Латвіі. У інтэрв’ю газеце “Бізнес & Балтыка” дараднік беларускай амбасады ў Латвіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Вера Скварцова растлумачыла сітуацыю, пацвердзіўшы асцярогі латвійскіх пасрэднікаў.
Па яе словах, Беларусь вывучае магчымасць стварэння “ланцугу апорных пунктаў” экспарту тавараў і ў рамках гэтай стратэгіі не выключае, што беларускі транзіт у Латвіі будуць абслугоўваць экспедытарскія кампаніі з выключна беларускім капіталам. Яна гаворыць, што прэзідэнт паставіў перад галоўнымі экспарцёрамі задачу да 2007 году стварыць свае аб’екты тавараправоднай сеткі. “Дзе яны будуць размяшчацца — пытанне пакуль рытарычнае”, — адзначыла прадстаўнік амбасады, нагадаўшы, аднак, што з улікам аб’ёмаў беларускага экспарту праз Латвію лагічна было бы стварыць сетку ў латвійскай прыпартовай зоне.
Па словах Скварцовай, у бліжэйшы час можна чакаць, што адным з асноўных аргументаў для выбару транзітных напрамкаў стане ўмова роўнага доступу беларускіх партнёраў да арганізацыі транзітных перавозак праз марскія парты. “Гэта звязана са стратэгіяй працы беларускіх экспарцёраў на міжнародных рынках. Стратэгія прадугледжвае падвышэнне эфектыўнасці знешнеэканамічнай дзейнасці, — заявіла прадстаўнік беларускай амбасады. — Мы ўжо не задаволеныя схемамі экспарту, калі наш тавар прадаецца ад плота прадпрыемства або мяжы Беларусі”.
Нагадаем, што ў цяперашні час з 17 млн. тон грузаў, скіраваных на экспарт з Беларусі праз марскія парты, 14-15 млн. тон праходзяць праз Латвію. На частку Беларусі прыходзіцца 25-27% аб’ёмаў транспарціроўкі праз латвійскія парты і 34-36% грузаабароту Латвійскай чыгункі.
www.naviny.by
|