Амбасадары краін Еўрасаюза сустрэнуцца з рэпрэсаванай моладдзю
У бліжэйшы час у Мінску адбудзецца сустрэча амбасадараў краін Еўрасаюза ў Беларусі з моладзевымі беларускімі актывістамі, якія падвяргаліся альбо падвяргаюцца рэпрэсіям з боку ўлады. Сустрэча стане першай з шэрагу запланаваных акцый накіраваных на ўзмацненне ўвагі міжнароднай супольнасці да праблемы палітзняволеных у Беларусі.
Прынцыповая дамова аб гэтым была дасягнутая сёння, 18 красавіка, падчас размовы лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча і каардынатара кампаніі “За свабоду Дашкевічу і Красоўскаму” Сяргея Лісічонка з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін Еўрасаюза, акрэдытаваных у Беларусі. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій Германіі, Швецыі, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Літвы, Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Балгарыі і Румыніі.
Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу дыпламатаў на тое, што адметнасцю новай хвалі рэпрэсій ёсць іх відавочная скіраванасць на моладзь, якая ўзяла актыўны ўдзел у падзеях прэзідэнцкай кампаніі-2006. Аднак, палітычна актыўная моладзь не згодна чакаць пакуль рэжым перасаджае ўсіх, адзначыў у размове з дыпламатамі Аляксандр Мілінкевіч. Моладзевыя арганізацыі распачалі шырокую прэвентыўную грамадзянскую кампанію з мэтай спыніць нарастаючы крымінальны пераслед маладых актывістаў з боку ўлады.
www.milinkevich.org
|