У нафтавым Баку Мінск убачыў альтэрнатыву газавай Маскве
Адной з тэмаў перамоваў прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана ў Мінску, якая прыцягнула найбольшую ўвагу, стала магчымае супрацоўніцтва краін у нафтавай сферы. Афіцыйны Мінск сёння заняты пошукамі альтэрнатыўных расійскім крыніцам атрымання сыравіны і энергарэсурсаў, і багаты на “чорнае золата” Азербайджан у гэтым плане выглядае нядрэннай кропкай прыкладання высілкаў.
“Наяўнасць у Азербайджане буйных радовішчаў нафты і газу, а ў Беларусі сучаснага, магутнага нафтахімічнага комплексу — гэта аснова, на якой могуць узаемавыгадна развівацца адносіны ў вобласці энергетыкі”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Да 2008 году Азербайджан плануе ўдвая, у параўнанні з цяперашнім годам, павялічыць аб'ёмы здабычы нафты. У сувязі з гэтым, у краіне можа паўстаць неабходнасць у новых трубаправодах, асабліва ў еўрапейскім напрамку. Таму прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб прадстаўленні беларускіх трубаправодаў для транзіту каспійскай нафты ў Прыбалтыку і Польшчу можа быць выгадным.
Гэтая прапанова Ільхамам Аліевым была ўспрынятая як практычны варыянт развіцця адносін з Беларуссю. Тым больш, што тэхнічна такі праект цалкам можа быць рэалізаваны ў досыць сціснутыя тэрміны, хоць і запатрабуе выдаткаў на будаўніцтва “перамычак” паміж беларускім участкам нафтаправода “Дружба” і ўкраінскім трубаправодам Адэса — Брады, планы па падаўжэнні якога да Гданьска выношваюцца ўжо даўно. Калі гэты праект будзе здзейснены, то новым транзітным шляхам змогуць скарыстацца не толькі азербайджанскія, але і замежныя кампаніі, што там працуюць.
Акрамя таго, былі дасягнутыя папярэднія дамоўленасці з Азербайджанам па пастаўках беларускай тэхнікі і абсталявання. Гэта сведчанне таго, што ў экспартнай стратэгіі Беларусі ідзе актыўны пошук новых прыярытэтных напрамкаў, таму што Расія ўжо абмежавала закуп беларускіх тавараў на бюджэтныя сродкі. Па інфармацыі Мінэканамразвіцця Расіі, такі крок зроблены ў адказ на аналагічныя меры беларускага боку. Зрэшты, у беларуска-расійскіх адносінах гэта далёка не самая вялікая праблема. Адносіны паміж Мінскам і Масквой былі сапсаваныя газам. У плане паставак энерганосьбітаў братэрская Расія, па меркаванні беларускага боку, паводзіць сябе далёка не па па-саюзніцку, што змушае афіцыйны Мінск шукаць іншых стратэгічных партнёраў. Да іх ліку ўжо аднесеныя Кітай і Венесуэла, а зараз яшчэ і Азербайджан.
Прычым, як мяркуе палітолаг Андрэй Фёдараў, не варта лічыць спробы Беларусі знайсці замену расійскім нафты і газу за трыдзевяць зямель (у той жа Венесуэле) блефам: “Вострай патрэбы ў прамых пастаўках нафты няма. Ёсць мноства іншых схем, па якіх можна працаваць. І да такіх схем цалкам можа далучыцца тая ж Расія”. Па меркаванні эксперта, “нашы не настолькі дурныя, каб раскручваць нерэальныя праекты ў разліку, што Масква нічога не зразумее”.
Умацоўваючы эканамічнае супрацоўніцтва з Баку, Беларусь разлічвае заручыцца і палітычнай падтрымкай Азербайджана. Асабліва зараз, калі ў СНД сур'ёзны крызіс.
“Азербайджан падтрымлівае Беларусь у міжнародных арганізацыях, але гэтая падтрымка не крытычная — не больш, чым яшчэ адзін голас, — гаворыць Андрэй Фёдараў. — Што жа датычыцца паўнавартаснага палітычнага партнёрства, то не факт, што Лукашэнка такую падтрымку атрымае. Аліеў — асцярожны палітык, які мае аднолькава добрыя адносіны і з Масквой, і з Вашынгтонам”.
Паводле www.naviny.by
|