Рэдактары незалежных выданняў звяртаюцца да Лукашэнкі
Галоўныя рэдактары пяці недзяржаўных беларускіх газет — “Народнай волі”, “Товарища”, “БДГ”, “Витебского курьера” і “Борисовских новостей” — звярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнта краіны.
Гэта ўжо другі такі калектыўны зварот ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Першы быў адпраўлены ў канцы жніўня, але застаўся без адказу.
Аўтары ліста просяць кіраўніка дзяржавы садзейнічаць ім ў вырашэнні праблем, звязаных з друкаваннем і распаўсюджваннем іх выданняў. З кастрычніка 2005 года гаспадарчыя суб’екты, з якімі ў рэдакцый былі заключаныя дамовы на друкаванне і распаўсюджванне выданняў, у аднабаковым парадку скасавалі іх і адмовіліся ад супрацоўніцтва на 2006 год. Не дапамаглі ні наступныя працяглыя перамовы з гэтымі прадпрыемствамі, ні звароты ў суды.
Як зазначаюць аўтары ліста, у неафіцыйных гутарках некаторыя службовыя асобы спасылаюцца на ўказанні адміністрацыі прэзідэнта. “Сапраўды, ствараецца ўражанне аб прадыктаваных зверху рашэннях аб адмаўленні ў заключэнні дагавораў з намі. Калі гэта насамрэч адпавядае рэчаіснасці, то такая практыка супярэчыць Вашым указанням і не стасуецца з аб’яўленымі дэмакратычнымі пераменамі ў краіне”, — гаворыцца ў лісце. Яго аўтары, у прыватнасці, нагадваюць, што, выступаючы ў плаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прэзідэнт заявіў аб сваёй гатоўнасці даць “адпаведныя даручэнні з мэтай вырашэння праблемы”. Аднак спробы рэдакцый заключыць дамовы на друкаванне газет у Беларусі і ўключыць іх у каталогі перыядычных выданняў на 2007 год застаюцца беспаспяховымі
Радыё “Свабода”
svaboda.org
|