Беластоцкай газеце “Ніва” 50 год
13-14 кастрычніка, у Беластоку, у канферэнц-зале гатэля “Галэмбеўскі” прайшла навуковая-папулярная канферэнцыя ў рамках “Беларускіх дзён “Нівы” і гала-канцэрт з нагоды пяцідзесяцігоддзя “Нівы”.

На юбілейныя мерапрыемствы прыехалі госці з Польшчы, Беларусі, ЗША і Канады, увечары першага дня на сустрэчу прыехаў прывітаць усіх удзельнікаў канферэнцыі лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч.

У першы дзень канферэнцыі выступілі: Алег Латышонак, прафесар Беластоцкага універсітэта, з гістарычным дакладам “Беларускія газетныя выданні на Беласточчыне да ўзнікнення “Нівы” ў 1956 годзе”. За ім слова атрымаў Сакрат Яновіч, вядомы беларускі пісьменнік з Беласточчыны, а выступ яго так і называўся “Слова пра Пачатак”. Затым даклады былі ў Яна Чыквіна, паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук, прафесара універсітэта ў Беластоку; Сяргея Чыгрына, намесніка галоўнага рэдактара газеты “Слонімская”; Барыса Сачанкі, беларускага пісьменніка, намесніка старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”; Алеся Бяляцкага, кіраўніка грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”; Вячкі Станкевіча, былога дырэктара Беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода” (ЗША); Ніны Баршчэўскай, доктара філалогіі, беларускай грамадскай і культурнай дзеячкі (Польшча); Ганны Кандрацюк, журналісткі газеты “Ніва”; а ў завяршэнні з дакладам пра культурнае жыццё і творчасць беларусаў Падляшша выступіла Ілона Карпюк, кіраўнік Беларускага аб’яднання студэнтаў.

На другі дзень выступалі: Славамір Іванюк, гісторык і архівіст, намеснік старшыні Беларускага гістарычнага таварыства Беластока; Юрый Туронак, доктар гуманітарных навук, журналіст і гісторык; Вінцук Вячорка, старшыня БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ; Яўген Мірановіч, прафесар універсітэта ў Беластоку і кіраўнік Кафедры Беларускай Культуры універсітэта ў Беластоку, рэдактар Беларускага Гістарычнага Зборніка; Паліна Сцепаненка, прадстаўнік аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”; Марцін Рэмбач, старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь; Алена Макоўская, старшыня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”; Віталь Луба, галоўны рэдактар Беластоцкай “Нівы”; а ў заключэнні — Яўген Вапа, галоўны рэдактар “Нівы”.

“Юбілейнай “Ніве” толькі пяцьдзесят гадоў. А можна і так сказаць – аж пяцьдзесят гадоў з чытачамі. Столькі гадоў для беларускай газеты, ды яшчэ па-замежамі Беларусі — падзея незвычайная. Некалькі пакаленняў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы свой радавод і сваю беларускасць вызначаюць менавіта з нашай рэдакцыяй....”, — казаў пад час свайго выступу Яўген Вапа. Галоўны рэдактар таксама прэзентаваў альбом “Ніва” — час і людзі 1956-2006”. Цудоўны альбом гісторыі тыднёвіка “Ніва” спадаром Яўгенам быў падараваны кожнаму прысутнаму на сустрэчы.
Пасля канферэнцыі адбыўся святочны абед, пасля якога быў распачаты гала-канцэрт з нагоды юбілею “Нівы”. Першай на ўрачыстасці мела слова Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР, затым былі віншаванні ад грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў беларусаў Падляшша, ад прысутных: дэпутата Еўрапарламента Барбары Кудрыцкай, дэпутата Сойма Роберта Тышкевіча і інш. А сённяшні галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа ўсім, былым і сучасным супрацоўнікам беластоцкага тыднёвіка, уручыў памятныя падарункі.

Урачыстае віншаванне было разбаўленае шыкоўнай канцэртнай праграмай. Вельмі цікавым нумарам была тэатральная пастаноўка “Цацачная крама”, у выкананні дзяцей і моладзі з Беластоцкіх пачатковай школы № 4 і гімназіі № 7. Выступілі таксама: Гандзя Кандрацюк (песні ад ракі Нарвы), ансамбль “Знічка” (калектыў беларускіх школ у Гайнаўцы), быў прадстаўлены акустычны праект “Ilo з сябрамі” (салістка — Ілона Карпюк — старшыня Беларускага Аб’яднання Студэнтаў), з Мінска прыехаў гурт “Тэстамент”, які завершыў канцэрт старажытнай музыкай.

Іінфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|