Парламенцкая Асамблея НАТО цікавіцца беларускімі праблемамі
13-14 кастрычніка ў сталіцы Літвы, Вільні, прайшоў двухдзённы семінар Парламенцкай Асамблеі НАТО (ПА НАТО), прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. Ініцыявала семінара дэлегацыя літоўскага Сойму ў ПА НАТО з мэтай паспрыяць стварэнню ў Еўрасаюзе яснай, канкрэтнай стратэгіі адносна таго, як змяніць становішча ў Беларусі і якім чынам спрыяць дэмакратызацыі краіны.
На Віленскім форуме абмяркоўваліся палітычныя, эканамічныя, грамадскія працэсы ў Беларусі, а таксама адбываліся дыскусіі па пытаннях: як дапамагчы беларускаму народу і дэмакратычным сілам Беларусі, што рабіць, каб краіна не апынулася цалкам адрэзанай ад Еўрасаюза?
Форум адкрылі кіраўнік дэлегацыі Бундэстагу ў ПА НАТО Карл Ламерс і парламентарый, былы міністр замежных спраў Літвы Антанас Валёніс. Яны адзначылі ўзмацненне палітычнага пераследу апазіцыі ў Беларусі, парушэнне дэмакратычных нормаў, выказалі неспакой адносна далейшай ізаляцыі Беларусі. У форуме таксама прынялі ўдзел парламентарыі з краінаў-чальцоў НАТО, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, палітолагі з розных краінаў, а таксама прадстаўнікі літоўскага ўраду, грамадскіх і палітычных арганізацый з Беларусі – Вінцук Вячорка і ягоны намеснік Алесь Міхалевіч (БНФ), намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук (АГП), старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, а таксама навукоўцы і незалежныя аналітыкі.
У сваім выступе Жана Літвіна паведаміла пра апошнія рэпрэсіі супраць СМІ ў Беларусі і пра сітуацыю з альтэрнатыўным незалежным вяшчаннем на Беларусь.
Віцэ-старшыня дэлегацыі літоўскага Сойму ў ПА НАТО Раса Юкнявічэне зазначае, што апошнім часам неспакой выклікае візавая палітыка Еўрасаюза, паводле якой плануецца павышэнне візавых тарыфаў для беларускіх грамадзянаў. А на наступны дзень, па ініцыятыве парламентарыя Вацлава Станкевіча, у літоўскім парламенце на закрытым паседжанні камітэта замежных спраў абмяркоўвалася, якім чынам можна ўплываць на візавую палітыку Еўрасаюза, каб змяніць рашэнне падвысіць візавыя тарыфы для беларусаў.
Першы дзень семінара адзначыўся і арганізаваным моладзевым пікетам, каля будынка, дзе адбываўся семінар Парламенцкай Асамблеі НАТО. Моладзь арганізавала пікет у падтрымку палітзняволеных і патрабавала рашучых дзеянняў з боку Еўрасаюза, каб спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць апазіцыі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Пікет ладзіла беларуская моладзь Вільні, якая не прадстаўляе ніякай арганізацыі. Удзельнікі акцыі адзначылі ўвагу і з боку літоўскіх журналістаў, і прадстаўнікоў Літвы і Еўрасаюза. У ліку тых, хто падыходзіў, каб распытаць пікетоўцаў, быў і міністр абароны Літвы.
Пікетоўцы трымалі плакаты на англійскай і беларускай мовах з надпісамі “Свабоду Красоўскаму і Дашкевічу!”, “Ці гэта новы спосаб хаваць праўду?” Моладзь крытыкавала неэфектыўнасць дзеянняў беларускай і міжнароднай грамадскасці ў справе абароны палітзняволеных, патрабавала рашучых крокаў з боку Еўрасаюза.

Па словах арганізатаркі моладзевай акцыі пратэсту, скіраванай да ўдзельнікаў семінара, Марыі: “Мы спадзяемся, што гэты форум зверне ўвагу на палітычныя арышты і рэпрэсіі ў Беларусі, і дапаможа вырашыць гэтую праблему. Трэба ўводзіць такія санкцыі, што будуць непасрэдна ўплываць на беларускія ўлады; трэба, каб на судовых пасяджэннях ў Беларусі былі прадстаўнікі Еўрасаюза. Я лічу, гэта – самы лепшы варыянт, бо тое, што адбываецца на нашых судах, нікому невядома, ніхто не ведае, за што і як выносяцца прысуды”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Фота Алены Макоўскай
|