У Бруселі адчынена “амбасада беларускай апазіцыі”
Віцэ-старшыня Еўрапарламента Януш Анышкевіч параўнаў з амбасадай беларускай апазіцыі ў Бруселі адчынены тут напярэдадні цэнтр “За дэмакратычную Беларусь”.
Як заявіў польскі палітык у інтэрв’ю БелаПАН, цэнтр будзе разглядацца як амбасада, калі будзе прадстаўляць аб’яднаную апазіцыю. Януш Анышкевіч падкрэсліў, што эфектыўнасць працы цэнтра будзе залежаць ад “цэласнасці адзінства перакананняў яго супрацоўнікаў і тых, каго яны прадстаўляюць”.
Палітык параўнаў цэнтр з бюро польскага руху “Салідарнасць”, якое было адчынена ў Бруселі ў 1980 годзе для лабіравання інтарэсаў польскай апазіцыі, інфармавання Захаду аб сітуацыі ў Польшчы, а таксама перапраўкі ў Польшчу інфармацыйных матэрыялаў.
Анышкевіч падкрэсліў, што само па сабе прадстаўніцтва можа стаць адным з важных фактараў распаўсюджвання інфармацыі, якой так не хапае ў Беларусі. “Многія ў Беларусі давяраюць дзяржаўным СМІ і не лічаць неабходнай дадатковую інфармацыю, не шукаюць яе. Мэтай офіса будзе паказаць, наколькі рэальная карціна скажоная дзяржаўнай прапагандай”, — заявіў Я.Анышкевіч. Ён таксама са свайго боку паабяцаў усебаковую падтрымку дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, чальцом якой ён з’яўляецца. Палітык выказаў надзею, што праца цэнтра будзе эфектыўнай і “будуць скарыстаныя ўсе магчымасці для дапамогі беларускаму народу”.
Амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт адзначыла, што цэнтр “За дэмакратычную Беларусь” павінен стаць “інфармацыйным мостам паміж беларускімі грамадзянамі ў Еўропе і ў Беларусі, арганізатарам форумаў і канферэнцый”.
Ідэя стварэння прадстаўніцтва выношвалася чатыры гады, адзначыла амерыканскі дыпламат. Яе рэалізацыя звязаная з тым, што з’явілася неабходнасць для дэмакратычных сіл мець уласнае прадстаўніцтва ў еўрапейскіх структурах, у прыватнасці, для абмену і атрымання інфармацыі ў тым ліку і з самімі еўраструктурамі.
Цэнтр “За дэмакратычную Беларусь” быў зарэгістраваны ў якасці НДА ў Бруселі
ў ліпні 2006 года. Урачыстае адкрыццё цэнтра прайшло 16 кастрычніка
ў Еўрапарламенце.
БелаПАН
|