Усе на мітынг у абарону царквы “Новае жыццё”
Мінскі гарвыканкам дазволіў правядзенне 21 кастрычніка, на пляцы Бангалор у Мінску, мітынг пратэсту супраць дзеянняў улад у дачыненні царквы “Новае жыццё” –хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь.
Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар суполкі Іна Давыдовіч, 16 кастрычніка заяўнік акцыі Віталь Антончыкаў атрымаў дазвол гарадскіх улад за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Міхаіла Ціцянкова. “У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што акцыя з лікам удзельнікаў да 700 чалавек можа адбыцца не з 14 да 16 гадзін, як было заяўленае, а з 18 да 20. Перанос часу правядзення акцыі ўлады матывуюць тым, што на пляцы ў заяўлены час адбудзецца восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш”, — сказала І.Давыдовіч.
Для правядзення акцыі заяўнік павінен скласці дамовы з адпаведнымі гарадскімі службамі на ахову грамадскага парадку, медыцынскае абслугоўванне і ўборку тэрыторыі. “У дакуменце нагадваецца, што адказнасць за прытрымліванне грамадскага парадку нясе арганізатар”, — адзначыла І.Давыдовіч. Кіраўнікі царквы пакуль не вызначыліся па пытанні правядзення мітынгу і яго фармату ў сітуацыі, калі з 5 кастрычніка пратэстанты праводзяць галадоўку пратэсту. Плануецца, што на гэтым мітынгу выступяць не толькі пастары евангельскіх цэркваў у падтрымку царквы “Новае жыццё”, але і ўсе неабыякавыя, хто суперажывае царкве ў гэтай сітуацыі.
У інтэрв’ю БелаПАН пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка выказаў здагадку, што акцыя пратэсту можа развівацца па двух сцэнарах. “Калі ўлады не будуць актыўна рэагаваць на галадоўку, то мы будзем працягваць яе даволі доўга. Аднак мы гатовыя і да сілавых дзеянняў улад, бо дух наш з кожным днём становіцца мацней”, — сказаў пастар.
Па яго словах, невялікае змяншэнне колькасці ўдзельнікаў галадоўкі адбылося таму, што некаторыя не разлічылі свае сілы і вырашылі сумясціць галадоўку з працай. “Тым, хто знаходзіцца ў храме, — значна лягчэй”, — сказаў пастар.
Акрамя таго, В.Ганчарэнка паведаміў, што з Адміністрацыі прэзідэнта яму паступіла прапанова сустрэцца 17 кастрычніка з намеснікам прэзідэнта — начальнікам галоўнага ідэалагічнага кіравання Адміністрацыі Алегам Праляскоўскім.
БелаПАН
|