Дзень салідарнасці ў Еўропе: акцыі ў Бруселі і Варшаве (фота)
У Бруселі прайшла міжнародная канферэнцыя ў Еўрапарламенце, прысвечаная палітычнай, эканамічнай сітуацыі і сітуацыі медыяў у Беларусі, а ў Варшаве, у сваю чаргу, адбыўся пікет каля амбасады і мультымедыйная прэзентацыя – падсумаванне вынікаў года акцый Салідарнасці.
У часе канферэнцыі ў Еўрапейскім парламенце, у якой узялі ўдзел шэраг прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай уладаў Еўрасаюза, з беларускага боку –старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна і іншыя. Выступоўцы расказалі пра сітуацыю, у якой апынуліся палітычныя партыі напярэдадні мясцовых выбараў, пра ўмовы працы журналістаў у Беларусі і пазнаёмілі прысутных з апошнімі навінамі з жыцця беларускіх палітвязняў.
На канферэнцыі было аб’яўлена аб адкрыцці Офіса за дэмакратычную Беларусь у Бруселі. “Цікаўнасць да беларускіх праблемаў вялікая, нягледзячы на тое, што выбары прайшлі. Тут жадаюць працаваць з намі, працаваць на карысць вольнай Беларусі”, – сказала кіраўнік офіса Вольга Стужынская.
Між тым у Варшаве беларускія студэнты, што вучацца ў Польшчы ў межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага наладзілі акцыю пратэсту каля беларускай амбасады – да іх далучыліся таксама палітычныя ўцекачы. Разам, больш за 30 чалавек, праспявалі гімн “Магутны Божа” і запалілі каля пасольства знічкі.
Пазней у польскай сталіцы актывісты Звяза на карысць дэмакратыі ў Беларусі ў студэнцкім клубе “Рамонт” падсумавалі вынікі акцый салідарнасці – першая адбылася ў Варшаве дакладна год таму. Паводле словаў старшыні Звяза Антося Цялежнікава, цяпер па ўсёй Польшчы будуць ладзіцца перадусім лекцыі і мультымедыйная прэзентацыі аб сітуацыі ў Беларусі.



Паводле радыё “Свабода”
|