Прышчэпка ад іншадумства

Парламент Беларусі ў другім чытанні прыняў праект закона “Аб процідзеянні экстрэмізму”. Мясцовыя эксперты асцерагаюцца, што ён будзе выкарыстоўвацца для барацьбы з іншадумствам.

“Не выключаная экстрэмісцкая дзейнасць грамадска-палітычных арганізацый, фізічных асоб, рэлігійных арганізацый, якая можа быць накіраваная на звяржэнне канстытуцыйнага ладу і замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны”, – растлумачыў журналістам неабходнасць прыняцця законапраекта першы намеснік старшыні беларускага КДБ Васіль Дземянцей. “Мы павінны гэта папярэдзіць”, – удакладніў ён. Адначасова намеснік старшыні КДБ засведчыў, што прыняцце закона “не выклікана якімі-небудзь надзвычайнымі акалічнасцямі” і “становішча ў нашай краіне спакойнае… дакумент мае прафілактычны характар”.

Новы дакумент акрэслівае “экстрэмізм” як “дзеянне, скіраванае на падрыў нацыянальнай бяспекі дзяржавы, гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу, захоп улады, стварэнне пазапраўных узброеных фармаванняў, ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці”. Да экстрэмізму будзе датычыцца распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, арганізацыя масавых беспарадкаў, публічныя заклікі да пералічанай дзейнасці, яе фінансаванне або іншае дапамога ў ажыццяўленні, у тым ліку прадстаўленне нерухомасці, навучальнай, паліграфічнай і іншай матэрыяльна-тэхнічнай базы, сродкаў электрасувязі, інфармацыйных паслуг. Закон прапаноўвае пісьмова папярэджваць нядобранадзейныя арганізацыі аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці. Наступным крокам у іх “выхаванні” можа быць прыпыненне дзейнасці такой арганізацыі, а затым і ліквідацыя. У выпадку прыпынення дзейнасці забароненае праводзіць масавыя мерапрыемствы, здзяйсняць фінансавую дзейнасць. Законапраект таксама забараняе выдаваць і распаўсюджваць праз СМІ экстрэмісцкія матэрыялы. Тыя арганізацыі, якія двойчы на працягу года парушаць правілы, будуць зачыненыя.

Раней паведамлялася, што ў Беларусі таксама распрацоўваецца закон аб барацьбе з тэрарызмам. Урад краіны не так даўно прыняў пастанову, якая патрабуе публікаваць пералік тэрарыстычных арганізацый у галоўных дзяржаўных газетах. У Мінюсце працуюць над праектам, які прадугледжвае крымінальную адказнасць “за стварэнне арганізацыі, дзейнасць якой скіраваная на здзяйсненне актаў тэрарызму”. Кіраўніцтва і ўдзел у працы тэрарыстычнай арганізацыі, або яе структурнага падраздзялення прапаноўваецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

Мясцовыя назіральнікі зважаюць на тое, што распрацоўка закона аб экстрэмізме і тэрарызме ў Беларусі ідзе на фоне сцвярджэнняў улады аб сацыяльнай стабільнасці і адсутнасці канфліктаў на гэтай глебе. Такі факт дае магчымасць сцвярджаць, што ў экстрэмізме і тэрарызме будуць вінаваціць любыя незалежныя арганізацыі. “У нас у катэгорыю экстрэмістаў трапляюць тыя, хто не глядзіць на свет вачамі дзеючай улады”, – сказаў “Незалежнай газеце” старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Па яго словах, “з’яўленне ў заканадаўстве артыкулаў аб тэрарызме і экстрэмізме проста дасць уладзе магчымасць пазбавіцца ад іншадумцаў законна”.

Намеснік старшыні праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі Камітэт” Гары Паганяйла сказаў асцерагаецца таго, што “новыя артыкулы будуць выкарыстоўвацца для запалохвання насельніцтва, як гэта было напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў папярэджвалі аб быццам бы рыхтуючыхся тэрактах, і кожнага, хто выйдзе на вуліцу па закліку апазіцыі, абяцалі прыраўняць да тэрарыста”.

Паводле “Независимая газета”
www.ng.ru
‹‹ на галоўную | у архіў