Латвійска-беларускія дыпламатычныя гульні

Спыненая крымінальная справа ў дачыненні да другога сакратара амбасады Латвіі ў Беларусі Рэймана Шмітса. Пра гэта паведаміла рэспубліканская пракуратура.

“Папярэдняе расследаванне ў крымінальнай справе завершана. Матэрыялы перададзеныя латвійскаму боку ў адпаведнасці з Дамовай паміж Беларуссю і Латвіяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах”, гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Нагадаем, 25 ліпеня ў кватэры, якую здымаў Р.Шмітс, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі шэраг відэакасет. 27 ліпеня ў дачыненні да дыпламата была распачатая крымінальная справа за распаўсюджванне парнаграфічнай прадукцыі.

31 ліпеня Беларускае тэлебачанне паказала кадры гомасексуальнага акту, зробленыя схаванай камерай у кватэры дыпламата. МЗС Латвіі назвала дзеянні беларускіх уладаў парушэннем Венскай канвенцыі. Гэткую ж пазіцыю выказаў і Еўрасаюз. Пасля завядзення крымінальнай справы Рэйман Шмітс пакінуў Беларусь. У адказ Латвія аб’явіла персонай нон-грата першага сакратара амбасады Беларусі ў Латвіі Дзмітрыя Краюшкіна.

Амбасадар Латвіі Майра Мора ад’ехала ў Рыгу для кансультацый. А МЗС Латвіі заявіў, што новы беларускі амбасадар Аляксандр Герасіменка не зможа пачаць паўнавартасную працу, пакуль не будуць атрыманыя адпаведныя тлумачэнні беларускага боку. З прычыны гэтага канфлікту не адбыўся запланаваны ўдзел прэм’ера Латвіі ў цырымоніі завяршэння дэмаркацыі беларуска-латвійскай мяжы.

Паводле радыё “Свабода”
www.svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў