Адносіны Беларусі і ЕС залежаць ад кошту шэнгенскіх віз
Кошт шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян з’яўляецца вельмі важкім момантам у адносінах паміж Беларуссю і ЕС, лічаць эксперты польскага фонду імя Стэфана Баторыя, паведамляе БелаПАН.
“Для людзей, якія жывуць у аўтарытарнай дзяржаве, магчымасць выехаць за мяжу і параўнаць умовы жыцця ў Беларусі і любой дэмакратычнай краіне мае фундаментальнае значэнне”, — гаворыцца ў восеньскай справаздачы “Еўрапейскі выбар для Беларусі”.
Эксперты мяркуюць, што падвышэнне кошту шэнгенскіх віз з 35 да 60 еўра рэзка скароціць колькасць беларусаў, якія выязджаюць у краіны ЕС. “Гэта занадта высокі кошт за візу для беларускіх грамадзян”, лічаць адмыслоўцы.
У дакладзе адзначаецца, што большасць дзяржаў — чальцоў ЕС, асабліва краіны Шэнгенскай дамовы, не жадаюць заўважаць гэтай праблемы. Падвышэннем кошту віз для беларусаў заклапочаныя толькі суседзі — Літва, Латвія і Польшча, якія ў цяперашні момант альбо адмянілі візавыя зборы для беларусаў, альбо знізілі іх да 5-6 долараў ЗША. Але і гэтыя краіны павінны будуць падвысіць кошт сваіх віз да 60 еўра пасля ўваходжання ў шэнгенскую зону.
Польскія эксперты заклікаюць ЕС неадкладна пачаць абмеркаванне пытання аб кошце шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Пры гэтым адмыслоўцы мяркуюць, што “нармальныя перамовы з беларускімі ўладамі немагчымы”. “Рэжыму ў Беларусі выгадна такая сітуацыя, таму што ён не зацікаўлены ў паездках беларускіх грамадзян у краіны ЕС”, сцвярджаецца ў дакладзе.
Інтэрнет-газета “Беларускія навіны”
naviny.by
|