Партал пра Беларусь супраць беларускай мовы?

У беларускім сектары інтэрнэту пачаў працу нацыянальны партал Belarus.by. Ён створаны ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Інфарматызацыя” пры тэхнічным забеспячэнні адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій.

Асноўнай задачай аўтараў парталу было стварэнне ў сеціве рэсурсу, які “фармаваў бы станоўчы імідж краіны”. На задуму кіраўніцтва Парку высокіх тэхналогій, у перспектыве Belarus.by мусіць стаць “адзінай кропкай уваходу” – патрапіўшы сюды, карыстальнік здолее без праблемаў знайсці выхад на іншыя інфармацыйныя рэсурсы.

Сфармаваць уяўленне пра Беларусь наведнікі могуць на пяці мовах – рускай, англійскай, французскай, іспанскай і арабскай. Няма ў пераліку толькі мовы беларускай, хоць у апісанні дзяржаўна-палітычнага ладу на тытульнай старонцы аўтары наўпрост указваюць: дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь – руская і беларуская. Чаму прыярытэт аддадзены рускай мове, якая стала дзяржаўнай толькі крыху больш за 10 гадоў таму? У адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій патлумачылі: маўляў, партал разлічаны, перадусім, на замежнікаў, якія хацелі б больш даведацца пра Беларусь. А яны ў бальшыні сваёй не ведаюць ні рускай, ні тым больш беларускай мовы. Таму ў якасці “агульнадаступнай” для мясцовых карыстальнікаў была абраная руская мова – з прычыны яе “большай распаўсюджанасці”.

Партал Belarus.by увабраў у сябе чатыры асноўныя тэматычныя блокі: “Аб краіне”, “Інфармацыя для турыстаў”, “Бізнес у Беларусі” і “Навучанне ў Беларусі”.

Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў