Абсурд следства па справе Паўла Красоўскага

11 кастрычніка падчас трэцяга допыту моладзевага актывіста з Жодзіна Паўла Красоўскага высветлілася, што акрамя падазрэння ў дачыненні да леташніх выбухаў у Віцебску яго вінавацяць яшчэ ў двух забойствах з згвалтаваннем, учыненых ў 1999 годзе. Аб гэтым БелаПАН паведаміў адвакат затрыманага Павал Сапелка.

Па словах адваката, адно з забойстваў, у якіх зараз падазраюць Красоўскага, адбылося ў Віцебску, другое — у Барысаве сем год таму. Такім чынам, да прад’яўленых раней абвінавачванняў, вылучаных супраць яго, — па артыкуле 14 (замах на злачынства) і пунктам 1 і 5 часткі 2 артыкулы 139 (забойства двух або больш асобаў, здзейсненае агульна небяспечным чынам) Крымінальнага кодэкса РБ — дадаліся новыя. Гэта пункты 7, 8, 16 часткі 2 артыкулы 139 КК (забойства, спалучанае з згвалтаваннем або гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства або палегчыць яго здзяйсненне; учыненае асобай, якая раней здзейсніла забойства). Дадзеныя злачынствы караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 25 год, пажыццёвым зняволеннем або смяротнай карай.

“У сваёй практыцы я ўпершыню сутыкаюся з падобным. Абсурд следства дасягнуў свайго апагею: у 1999 годзе майму падабароннаму было ўсяго 16 гадоў, ён яшчэ хадзіў у школу. І, як гаворыць сам Павел, нават не прагульваў заняткаў. Думаю, што падобны паварот у справе прыдуманы не без таго, каб мы спынілі зносіны з прэсай. Следчыя, пэўна, думаюць, што Паўлу будзе сорамна гаварыць публічна аб нейкіх дзеяннях сексуальнага характару. Але яму, па яго ж прызнанню, не сорамна, паколькі ён не вінаваты ні ў якіх згвалтаваннях і забойствах”, — падкрэсліў П.Сапелка.

Адвакат таксама паведаміў, што пасля допыту П.Красоўскага вазілі здаваць кроў для правядзення экспертызы, а затым зноў адправілі ў ізалятар. Наступны допыт павінен адбыцца 12 кастрычніка ў 10 гадзін.

БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў