Галадаюць вернікі царквы “Новае Жыццё”
Галадаюць 132 чалавекі. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі наша краіна не ведала такой масавай галадоўкі пратэсту.
Дзесяткі цэркваў і тысячы вернікаў па ўсёй Беларусі патрабуюць ад Мінскага гарвыканкама адмяніць рашэнне ад 17 жніўня 2005 г. аб прымусовым выкупе будынка царквы “Новае жыццё” на вул. Кавалёва, 72 у г. Мінску.
“Мы вырашылі поўнасцю адмовіцца ад ежы да таго часу, пакуль нашы патрабаванні не будуць выкананыя ўладамі, — гаворыць Вячаслаў Ганчарэнка, пастар царквы “Новае жыццё”. — Мы патрабуем аднавіць справядлівасць: па-першае, адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама, паводле якога царква “Новае жыццё” пазбавілася зямлі і будынка. Па-другое, дазволіць перапрафіліраваць будынак царквы ў культавае. Мы жадаем праводзіць тут свае зборы і маліцца”.
Улады некалькі гадоў ігнаруюць сітуацыю вакол царквы “Новае жыццё”.
Яшчэ ў пачатку 2002 года мінская рэлігійная суполка “Новае жыццё” набыла будынак кароўніка пад Мінскам, каля вёскі Сухарава. За кароткі час вызнаўцы ўладкавалі будынак і прыстасавалі яго для сваіх патрэб. На набажэнствы ў цэрквы збіраюцца ад 700 да 1000 чалавек.У 2004 г. тэрыторыя вёскі ўвайшла ў межы горада і гэта стала падставай для пачатку ціску гарадскіх улад на “Новае жыццё” з мэтай пазбавіць суполку будынка кароўніка і правоў карыстання прылеглай да яго тэрыторыі.
Вернікі звярталіся ў суд, але не былі пачутыя. 29 верасня гэтага года, паводле рашэння Мінскага гарадскога Гаспадарчага суда (ад 21 ліпеня), грошы для прымусовага выкупу (каля 37,5 млн. беларускіх рублёў) былі пералічаныя з рахунку Фонду Мінгармаёмасць на рахунак царквы “Новае жыццё”. Пасля гэтага вернікам было дадзена 10 дзён на то, каб вызваліць будынак. Тэрмін мінуў 8 кастрычніка.
У адказ на гэтыя дзеянні 5 кастрычніка, у чацвер, вернікі абвясцілі галадоўку. На дадзены момант галадаюць 132 чалавека па ўсёй Беларусі. Сваю салідарнасць з царквой “Новае жыццё” выказалі веруючыя Расіі, Украіны, ЗША, Літвы, Латвіі, Англіі і іншых краін. “Новае жыццё” актыўна падтрымліваюць хрысціяне са ўсёй Беларусі.
На дадзены момант сітуацыя вакол царквы застаецца напружанай. Улады, пакуль, не прымянялі ніякіх актыўных дзеянняў у адказ на галадоўку. У царкве спадзяюцца, што сітуацыя ў хуткім часе будзе вырашана — улады пойдуць насустрач вернікам і задаволяць іх патрабаванні. “Мы звяртаемся з патрабаваннем адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама і даць нам магчымасць здзяйсняць нашу статутную дзейнасць у будынку сваёй царквы і на сваёй зямлі. Гэта рабаванне, і мы не збіраемся аддаваць наш будынак рабаўнікам, нават калі яны затуляюцца судовымі рашэннямі”, — гаворыць Сяргей Луканін, юрыст царквы “Новае жыццё”.
Паводле інфармацыі ад царквы “Новае жыццё”
|