Пытанні ад “падатковай” да гастарбайтэраў
Калі спіс беларусаў працаздольнага ўзросту параўналі са спісам грамадзян, якія плацяць са сваіх заробкаў падаткі, апынулася, што каля мільёна чалавек дзяржаўную казну не папаўняюць.
— Гэта вялікая лічба, фактычна кожны трэці ў краіне не заяўляе аб крыніцах сваіх прыбыткаў або аб сваёй працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, — лічыць першы намеснік кіраўніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. — Калі выключыць з гэтага спісу змешчаных у месцах пазбаўлення волі, тых, хто зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага, і асоб занятых хатняй гаспадаркай, застаецца дзесьці каля 400 — 500 тысяч грамадзян Беларусі, у якіх трэба спытаць, дзе яны знаходзяцца і чым займаюцца.
Праверка зойме два-тры месяцы. Пытаць будуць і беларускіх гастарбайтэраў, якія працуюць за мяжой. Сёння, па адзнаках расіян, у Расіі працуе каля 300 тысяч беларусаў. Гэта ж цэлы Брэст!
— Калі мы будзем ведаць, колькіх беларусаў працуе за мяжой, у якіх яны краінах, тады ўрад зможа прымаць рашэнне аб тым, як гэтых людзей прымусіць легалізаваць свае прыбыткі і даваць справаздачу прадстаўнікам дзяржаўных службаў аб тым, што яны з’язджаюць працаваць за мяжу. Калі апынецца, што 5 тысяч чалавек працуе за межамі Беларусі — гэта адно. Калі іх будзе сто тысяч, то, магчыма, будзе разглядацца пытанне аб падатковых палёгках для іх. Магчыма, што для гастарбайтэраў будуць уведзеныя абмежаванні. Адна справа — чалавек не працуе, таму што не можа; і іншая — ён проста не паказвае свае прыбыткі і не плаціць падаткі. Калі беларус, працуючы за мяжой, не плаціць падаткі ні ў адзін сацыяльны фонд, падатковы груз размяркоўваецца сярод іншых працоўных. А сацыяльны пакет ва ўсіх аднолькавы. Толькі чаму хтосьці за некага павінен плаціць? Гаворка ідзе аб тым, што тых, хто не плаціць падаткі, трэба абмяжоўваць па сацыяльным пакеце.
Умоўна такую сітуацыю можна спраектаваць так: чалавек працуе ў Польшчы і не плаціць падаткаў у Беларусі, дзе ў яго ёсць кватэра. Ён, як і ўсе беларусы, плаціць за камунальныя паслугі толькі частку іх рэальнай вартасці, астатняе бярэ на сябе бюджэт. Атрымоўваецца, што гэтаму чалавеку могуць, напрыклад, падняць тарыфы на паслугі ЖКГ? Але казаць аб тым, якія будуць прымацца меры, яшчэ рана.
Паводле газеты “Камсамольская праўда ў Беларусі”
www.kp.belkp.by
|