У вянок памяці Віктара Шматава

Без перабольшання можна сказаць, што беларуская навука і мастацтва панесла вялікую страту. На 71 годзе жыцця адышоў у вечнасць вядомы мастак, доктар мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, педагог, чалавек шырокай эрудыцыі, патрыёт сваёй краіны Віктар Шматаў. Не стала магутнай постаці ў нашай культуры, якая зрабіла вялікі ўплыў не толькі на развіццё мастацтвазнаўчай навукі, але і на шырокае кола людзей, для якіх гістарычная памяць нашага народа, яго спадчына ёсць натуральная неабходнасць у духоўным развіцці асобы. Віктар Шматаў працягваў Скарыніяну, падмурак якой заклалі Мікола Шчакаціхін і Лявон Баразна. Пасля Лявона Баразны, якога добра ведаў, ён быў бадай адным з тых, хто пашыраў сярод нашага люду тэрыторыю беларускай духоўнасці, прапагандаваў адметнасць і самабытнасць нашай культуры. Шмат хто з беларускіх мастакоў, што пачыналі свой творчы шлях ў 70-80-я гады, абавязаныя яму як прароку і прапаведніку беларушчыны. Ён востра адчуваў сённяшні стан роднага слова. Верыў у тое, што беларускае мастацтва, тэатр, кіно, сродкі масавай інфармацыі вырвуцца з палону накінутых ланцугоў, і беларускае слова, як і навука, стане найгалоўнейшым чыннікам незалежнасці і суверэнітэту краіны.

Віктар Фёдаравіч Шматаў нарадзіўся 9 траўня 1906 года ў Камарыне Брагінскага раёна. Выхаванец дзіцячага дома, ён з ранняга дзяцінства спазнаў усе цяжкасці, якія выпалі на яго долю, ды прага да малявання прывяла яго на тую сцяжынку, адкуль пачаўся Мастак. У 1955 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню. Потым быў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў А. Мазалёва, П. Любамудрава, С. Геруса. Па заканчэнні інстытута, з 1963 года ён – удзельнік мастацкіх выстаў. Як навуковец даследуе кніжную і станковую графіку Беларусі, мастацкую графіку Францішка Скарыны. Сёння ніводная навуковая праца пра спадчыну Ф, Скарыны не абыходзіцца без спасылак на грунтоўныя даследаванні Віктара Шматава. Ягоная Скарыніяна – адзін з важкіх набыткаў у даследаванні эпохі Рэнесансу і ролі ў ёй Францішка Скарыны.. Імя Віктара Шматава, як вучонага, вядома ўсяму навуковаму свету, які цікавіцца беларускімі старадрукамі. Яму належыць манаграфія “Сучасная беларуская графіка”, кнігі пра Людвіга Асецкага, Міхася Філіповіча, Міхася Сеўрука, Алесю Паслядовіч.

Брагінская зямля, адкуль пайшоў у свет Віктар Шматаў, спазнала чарнобыльскую навалу. І гэтая тэма займала значнае месца ў ягонай творчасці. Ён працаваў непасрэдна ў зоне, з натуры пісаў асірацелыя, забруджаныя радыяцыяй хаты, якія потым скідвалі ў глыбокія, як бездань, ямы. Мастак, уражаны экалагічнай катастрофай, стварыў цэлую серыю карцін, прысвечаных Чарнобыльскай трагедыі. Яшчэ зусім нядаўна, у траўні месяцы гэтага года, у сценах Нацыянальнага мастацкага музея адбылася выстава, дзе цэнтральнае месца займалі творы з гэтай серыі: “Лёс”, “Пакінутая вёска”, “Пакінутыя палі”, “Жанчына з чарнобыльскай зоны”. Ягоныя вандроўкі па забруджанай радыяцыяй малой радзіме не прайшлі бясследна, кепска адбіліся на здароўі. Але, як бы ні было, В.Шматаў працягваў працаваць. Ён пэўны час быў загадчыкам аддзела старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, чытаў курс лекцый у вядучых навучальных установах Менска. Па выхадзе на пенсію, да апошняга часу, працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам у аддзеле вышэйзгаданага Інстытута.

ЗБС “Бацькаўшчына, ТБМ імя Францішка Скарыны, сябры па творчай суполцы “Пагоня” смуткуюць з прычыны вялікай страты, якую панесла нашая культура, і выказваюць шчырае спачуванне сям’і Віктара Шматава, ягоным сваякам, калегам па працы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў