У Беларусі новы амбасадар ЗША
18 верасня ў Беларусь прыбыла новы амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкі Карэн Сцюарт. Як адзначыла кіраўнік дыпламатычнай місіі ЗША ў Беларусі, для яе “гонар і задавальненне ўзначаліць амерыканскую місію ЗША ў Мінску”. Яна дадала, што Беларусь для яе “асаблівая краіна” і яна жадае хутчэй прыступіць да сваіх абавязкаў.
Карэн Сцюарт нагадала, што апошнія чатыры гады яе прафесійная дзейнасць была звязаная з Беларуссю. Калі амерыканскую дыпламатычную місію ў Мінску ўзначальваў Майкл Козак, яна працавала намеснікам кіраўніка дыпламатычнай місіі, а затым — дырэктарам офіса па справах Беларусі, Украіны і Малдовы ў дзяржаўным дэпартаменце ЗША.
“Я рада вярнуцца”, — заявіла Карэн Сцюарт па прыбыцці ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Яна таксама дадала, што збіраецца працягнуць тую працу, якую распачаў яе папярэднікі ў амерыканскай амбасадзе ў Беларусі.
Новая амбасадар ЗША ў Беларусі падкрэсліла, што будзе прадстаўніцай у Мінску пункту погляду амерыканскага народа, амерыканскага ўрада і афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва ЗША на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Па словах Карэн Сцюарт, перад ад’ездам у яе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта ЗША, якія ў гутарцы з ёй падкрэслілі, што Злучаныя Штаты застануцца надзейным сябрам беларускага народа і “будуць побач з беларусамі, калі яны працуюць на лепшае будучыню для сваёй краіны”, перадае БелаПАН.
Раней дыпламатычную місію ЗША ў Беларусі ўзначальваў Джордж Крол. Улетку гэтага года ён пакінуў Беларусь. Прэзідэнт ЗША Джордж Буш прызначыў Джорджа Крола амбасадарам ЗША ў Беларусі ў 2003 года. У сваёй развітальнай прамове Джордж Крол сказаў, што беларусы навучылі яго таму, што “непакорлівы чалавечы дух — наймацнейшае, што ёсць на свеце ... навучылі разумець сябе і сваю краіну”.
Паводле БелаПАН і
telegraf.by
|