15 гадоў таму парламент зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг

19 верасня 2001 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў у якасці нацыянальных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню”. Гэта быў дзень нечуванага ўздыму ў грамадстве.

Пра падзеі 15-цігадовай даўніны расказвае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, перакладчык Лявон Баршчэўскі.

“Вяртанне нацыянальных сімвалаў быў адным з найбольш паспяховых праектаў апазіцыі БНФ. У вельмі кароткі тэрмін, за месяц з моманту заканчэння путчу і набыцця незалежнасці, была праведзеная велізарная праца, у тым ліку ў кулуарах.

Размовы вяліся з партыйнымі лідэрамі, у першую чаргу з абласнымі кіраўнікамі, з былым старшынёй прэзідыуму Вярхоўнага Савету Георгіем Таразевічам, які меў велізарны ўплыў на наменклатуру. З тагачасным прэзідэнтам Акадэміі Навук Уладзімерам Платонавым, з мітрапалітам Філарэтам.

Мы паасобку апрацоўвалі найбольш няўпэўненых у сабе дэпутатаў. Было адчуванне, што большасць прыме. Але, каб унесці змены ў Канстытуцыю, патрабавалася дзве трэці. А ў гэтым мы сумняваліся.

Ініцыятыву ў рашэнні пытання выявілі Зянон Пазняк, Валянцін Голубеў і Алег Трусаў – усе яны гісторыкі. Менавіта іх намаганнямі ўдалося змабілізаваць мастакоў – Аляксея Марачкіна, Міколу Купаву, Уладзімера Крукоўскага, Льва Талбузіна і падрыхтаваць цудоўную выставу пра гісторыю нацыянальных сімвалаў проста ў фае залы пасяджэнняў ВС.

Папярэдне абмяркоўвалася пытанне на паседжанні на камісіі па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савету.

Памятаю, што мітрапаліт Філарэт сказаў тады прыблізна так, што гэта будзе вялікім гонарам і добрым знакам для краіны, калі яна будзе жыць пад бел-чырвона-белымі колерамі Хрыста.

Для прыняцця закону патрабавалася 174 галасы, але каб унесці адпаведныя змены ў Канстытуцыю – 230 галасоў. Пасля падрабязнага абмеркавання, падчас якога выступілі Ніл Гілевіч, які прэзентаваў праект, а таксама Уладзімер Платонаў і Георгій Таразевіч і шэраг дэпутатаў, якія беспасрэдна не належалі да апазіцыі БНФ, адбылося галасаванне.

Пры першых галасаваннях аднаго-двух галасоў не хапала. Было то 228, то 229. Было дадатковае абмеркаванне, і калі спікер Станіслаў Шушкевіч паставіў на галасаванне яшчэ раз, неабходная колькасць галасоў была сабраная.

Група артадаксальных камуністаў, якая супраціўлялася ўвядзенню нацыянальных сімвалаў, назаўтра паспрабавала аспрэчыць рашэнне ВС.

Было заяўлена, што дэпутат Віктар Шэйман на месцы адсутнічаў, а ў раздрукаваных выніках, насупраць яго прозвішча стаяла “за”. Тады сп. Шэйман устаў і заявіў, што сапраўды ён галасаваў “за”. І пасля заявы адразу выйшаў уніз, паколькі пачуваўся нядобра.

Такім чынам адпаведны закон уступіў у сілу”.

“Наша Ніва”
nn.by
‹‹ на галоўную | у архіў