Аляксандр Мілінкевіч у Фінляндыі

Сёння, 19 верасня, пачаўся двухдзённы візіт лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча ў Фінляндыю, якая зараз старшынствуе ў Еўрапейскім Саюзе.

Па інфармацыі прэс-службы палітыка, у праграме візіту запланаваныя двухбаковыя сустрэчы А.Мілінкевіча з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Мацці Ванханенам, са спікерам фінскага парламента Пааво Ліппаненам, кіраўніком камітэта па міжнародных справах парламента Ліісай Яакансаарай, а таксама лідэрамі парламенцкіх фракцый.

Падчас сустрэчы з Мацці Ванханенам, якая адбудзецца сёння, беларускі палітык плануе абмеркаваць “магчымую рэакцыю Еўропы на пагрозу страты Беларуссю незалежнасці, а таксама пытанні ўдасканалення еўрапейскай палітыкі ў дачыненні Беларусі і еўрапейскай салідарнасці з палітвязнямі ў нашай краіне”.

Акрамя таго, па інфармацыі прэс-службы А.Мілінкевіча, беларускі палітык выступіць у Фінскім інстытуце міжнародных адносін з дакладам, у якім прадставіць “альтэрнатыўнае бачанне беларускімі дэмакратычнымі сіламі эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі, а таксама перспектывы беларуска-расійскіх адносін”.

Гаворачы аб мэтах свайго візіту ў Фінляндыю, А.Мілінкевіч адзначыў, што “тэма Беларусі павінна па-ранейшаму заставацца адной з галоўных і праблемных для краін Еўрасаюза”. Палітык таксама выказаў меркаванне аб тым, што Еўропа павінна зрабіць рэвізію сваёй палітыкі ў адносінах з Беларуссю. “Палітыка Еўропы павінна быць накіраваная на ізаляцыю рэжыму, але не простых грамадзян”, – падкрэсліў А.Мілінкевіч. Ён адзначыў, што не чакае “пераломаў або рэвалюцыі ў дачыненні да Беларусі”, але чакае, што Фінляндыя ад імя краін Еўрасаюза будзе рэагаваць на факты парушэння правоў чалавека ў краіне, на павелічэнне колькасці палітвязняў, на ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да палітыкаў, моладзевых лідэраў, журналістаў.

Як адзначае прэс-служба лідэра аб’яднаных дэмсіл, візіт А.Мілінкевіча ў Фінляндыю праходзіць у атмасферы актыўных гутарак аб верагодным рэферэндуме па пытанні аб’яднання Беларусі і Расіі. Беларускі палітык адзначыў, што Фінляндыя, як краіна, якая стаіць на чале Еўрасаюза, павінна яшчэ больш дэталёва адсочваць развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Паводле БелаПАН
belapan.com
‹‹ на галоўную | у архіў