Не нафта і газ яднаюць Беларусь і Расею
Падчас двухдзённага афіцыйнага візіту на Гарадзеншчыну надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Беларуссю не павінны замыкацца на нафта-газавай праблеме.
Свой афіцыйны візіт надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі распачаў учора 13 верасня. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам гораду і вобласці, каб унесці карэктывы ў так званыя інтэграцыйныя працэсы. У інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што ў нафта-газавай галіне Расіі заняты ўсяго адзін працэнт працоўнага насельніцтва, і таму эканамічныя адносіны паміж Расіяй і Беларуссю не павінны замыкацца адно на нафта-газавай праблеме.
Паводле спадара Сурыкава, на таваразварот паміж краінамі, які да канца году павінен дасягнуць 18-20 мільярдаў даляраў, уплываюць іншыя эканамічныя чыннікі. Расійскі пасол таксама зазначыў, што таваразварот паміж Расіяй і Беларуссю самы высокі сярод краін СНД, і перасягнуў таваразварот з Украінай.
У сваю чаргу старшыня гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка заявіў, што эканоміка Гарадзеншчыны павінна быць з’арыентаваная на экспарт, і 50 адсоткаў прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў пастаўляюцца на знешні рынак. Трэба разумець, што знешні рынак – гэта неабдымныя прасторы Расеі, бо пра экспансію беларускіх тавараў на рынкі краінаў Еўразвязу казаць пакуль не даводзіцца, хаця Расея і абяцала падтрымліваць Беларусь ва ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Паводле газеты “Пагоня”
pahonia.promedia.by
|