Вячаслава Сіўчыка засудзілі на 10 сутак
Суддзя Цэнтральнага раёну Мінску Іна Шэйко прысудзіла да 10 сутак адміністрацыйнага арышту Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы. Вячаслаў Сіўчык і яго адвакат Вера Страмкоўская будуць абскарджваць прысуд у гарадскім судзе Мінска. Вячаслава Сіўчыка даставілі ў суд з турмы на Акрэсціна, дзе ён знаходзіўся з 12 верасня. Палітык распавёў, што сядзеў у перапоўненай камеры №13.
Разгляд справы Вячаслава Сіўчыка адбываўся ў новым будынку суду Цэнтральнага раёну Мінску на вуліцы Кірава – раней у ім знаходзіўся Беларускі гуманітарны ліцэя імя Якуба Коласа.
Спадар Сіўчык быў затрыманы у сакавіку ў намётавым лагеры на Плошчы, але са спецпрыёмніка яго даставілі ў шпіталь, бо ён скардзіўся, што быў моцна збіты. Пасля ён знаходзіўся за мяжой, а тым часам, 19 траўня, суддзя Цэнтральнага райсуду Аляксей Бычко прыняў рашэнне аб адміністрацыйным арышце Вячаслава Сіўчыка на 10 сутак.
12 верасня ён быў затрыманы ў цэнтры Мінска і змешчаны ў турму на Акрэсціна. На мінулым тыдні выканаўца абавязкаў старшыні Мінскага гарадскога суду адмяніў рашэнне суду ніжэйшай інстанцыі, паводле якога Вячаслаў Сіўчык быў пакараны 10-сутачным арыштам, і перадаў справу Вячаслава Сіўчыка іншаму суддзе Цэнтральнага раёна, які сёння вынес гэткі ж прысуд.

Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|