“Джынсавы фэст” на плошчы Бангалор
У акцыі салідарнасці ў Мінску, прымеркаванай да гадавіны знікнення апанентаў дзейных уладаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек. Некаторыя актывісты выказалі намер ўвечары запаліць свечкі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы. З такім заклікам на фэсце публічна выступіў і А. Мілінкевіч.
А 19.15 адключылася электрычнасць, што выклікала пратэст удзельнікаў акцыі.
На сцэне Джынсавага фэсту арганізатары прымацавалі партрэты зніклых апанентаў улады і паставілі сімвалічны намёт, такі, якія стаялі на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку.
Паколькі ўлады забаранілі выкарыстанне на фэсце нацыянальнай сімволікі, то бел-чырвона-белыя сцягі моладзь насіла на сваіх плячах, як аздабленне вопраткі.
Недахоп сімволікі таксама кампенсавалі ўзнятымі над галовамі джынсавымі кашулямі, а таксама афіцыйнымі сцягамі гораду Мінску і Еўрасаюза. Фэст пачаўся з гучных скандаванняў “Жыве Беларусь!” і выступаў родзічаў зніклых апанентаў улады.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заклікаў выкарыстаць кампанію па выбарах мясцовых саветаў як магчымасць прыйсці да людзей, сказаць праўду пра зніклых і пра сітуацыю ў краіне: “Свабоду нельга абмяняць па бартэры, свабоду нам не прынясе ніхто. Яе не пабудуе брыгада замежных будаўнікоў. Свабода і перамены – гэта нацыянальны беларускі праект, і мы можам яго рэалізаваць яго толькі тады, калі мы разам!”
У джынсавай вопратцы на фэст прыйшоў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. Пад час выступу ён заявіў, што дыктатуру можна перамагчы толькі на плошчах. Але зазначыў, што надалей будуць праводзіцца сустрэчы з людзьмі ў рэгіёнах, апазіцыяй усё будзе рабіцца, каб пераадолець апатыю, прыцягнуць да сябе больш грамадзян.
Ён заклікаў усіх а 21-й гадзіне запаліць свечкі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы. За гэта міліцыя папярэдзіла, што ён можа быць арыштаваны.
На фэсце выступалі ўдзельнікі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку гэтага года, прадпрымальнік і былы палітвязень Валер Леванеўскі, журналістка Ірына Халіп, сваякі палітвязняў Валеры Дранчук і Павал Марыніч. Большасць аўдыторыі склалі маладыя людзі.
Паводле актывіста моладзевага супраціву Аляксея Шыдлоўскага, ва ўмовах, калі ўлады забараняюць амаль усе вулічныя акцыі, на “Джынсавы фэст” ўдалося сабраць вялікую колькасць людзей.
Спадар Шыдлоўскі сказаў, што ўлады рэагавалі на гэтую акцыю апазіцыі вельмі нервова. Гэтым выклікана і заўчаснае адключэнне электрычнасці, бо людзі на акцыю працягвалі ісці, таму ўлады спалохаліся, што ўдзельнікаў будзе яшчэ больш.
— Асноўнай мэты мы дасягнулі – мы сабралі людзей. — гаворыць Аляксей Шыдлоўскі. — Мы паінфармавалі іх пра тыя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі, яшчэ раз нагадалі пра дату 16-га, што гэта Дзень салідарнасці, што 16-га верасня 1999 года зніклі вядомыя апазіцыйныя палітыкі і грамадскія дзеячы. У тых умовах, у якіх цяпер дзейнічае беларуская апазіцыя, я лічу, што гэтая акцыя была поспехам, бо мы сабралі 10 тысяч чалавек”.



Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|