Беларус з Масквы раскрывае таямніцы беларускай гісторыі
У аўторак 12 верасня адбылася прэзентацыя новай кнігі Аляксея Каўкі “Каб не забыцца”, якую склалі аўтарскія допісы за розныя гады, але праўда ў кнігі зусім малы наклад – усяго сто асобнікаў. На імпрэзе ва ўправе БНФ было каля трыццаці — сарака чалавек.
Аляксей Каўка – гэта адзін з найбольш вядомых беларускіх савецкіх дысідэнтаў, славутасць якому прынёс артыкул “Ліст да расейскага народа”.
Апошнія гадоў трыццаць Аляксей Каўка жыве і працуе ў Маскве, дзе атрымаў кандыдацкую гістарычных навук і доктарскую філалагічных. Выдае ў белакаменнай штогадовы альманах “Скарыніч”, дарэчы, сёлета ў свет з’явіўся ягоны ўжо шосты нумар.
На імпрэзе Каўка прызнаўся, што ўпершыню выступае з прэзентацыяй уласнай кнігі, таму крыху хвалюецца. Але яму і не давялося шмат казаць, за Каўку казалі шмат і добрага іншыя.
Дырэктарка музею-архіву літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка параўнала працу Аляксея Каўкі з работай цэлага інстытуту. Паэт Міхась Скобла кажа, што калі Каўка з’яўляецца ў Беларусі яго вельмі цяжка знайсці, бо ён мае некалькі явачных кватэр. Таму самы надзейнейшы спосаб шукаць Каўку ў архівах, дзе ён праводзіць амаль увесь вольны час на Радзіме. Ён не стамляецца знаходзіць новыя старонкі айчыннай гісторыі. У кнізе “Каб не забыцца”, між іншым, Каўка раскрывае некаторыя беларускія таямніцы.
Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч вярнуў Аляксею Каўку стары даўжок – першы нумар газеты “Славяне” чатырнаццацігадовай даўніны, якую Каўка тады вельмі прасіў вярнуць Гілевіча, але ж абяцанага давялося чакаць столькі гадоў.
Таксама добрыя словы пра даследчыка гаварылі Вольга Іпатава, Захар Шыбека, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. Аляксей Канстанцінавіч часцей за ўсё ціха ўсміхаўся і нешта запісваў у свой нататнік. На развітанне ён сказаў, што цяпер нарэшце беларусы ведаюць, якая ў іх галоўная праблема, а, каб нешта змяніць трэба проста рабіць і дзейнічаць і нічога больш.
Паводле “Нашай Нівы”
www.nn.by
|