Анжаліка Борыс узнагароджана Сусветнай асацыяцыяй польскіх газет
Непрызнаная беларускімі ўладамі старшыня арганізацыі Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс атрымала ў Тарнове ўзнагароду ад Сусветнай асацыяцыі польскіх газет за значнае ўкладанне ў прапаганду польскай культуры. Статуэтку ў форме зямнога шара Анжаліке Борыс уручыў спікер Сената Польшчы Багдан Барусевіч.
“Гэта для мяне было поўнай нечаканасцю. Мы будзем і далей працаваць у тым жа напрамку, напрыклад, праводзіць культурныя мерапрыемствы ў Беларусі і ўдзельнічаць у іх за мяжой. Адзін з бліжэйшых святаў, які мы будзем адзначаць 11 лістапада — Дзень незалежнасці Польшчы”, — перадае словы Анжалікі Борыс “Салiдарнасць”.
Раней такой жа ўзнагароды ўдастойваліся дараднік Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне Збігнеў Бжазінскі і лідэр Кангрэса палякаў ЗША Эдвард Маскаль.
У жніўні 2006 года Міністэрства замежных спраў Польшчы звярнулася да беларускіх улад з патрабаваннем спыніць праследаванне нацыянальных меншасцяў у краіне. Па меркаванні польскага боку, дзеянні беларускіх улад “парушаюць асноўныя правы нацыянальных меншасцяў, а таксама міжнародныя і еўрапейскія стандарты ў сферы правоў чалавека”.
У траўні 2006 года спікер Сената Польшчы Барусевіч заявіў, што пытанне аб Саюзе палякаў Беларусі з’яўляецца адным з галоўных на шляху нармалізацыі беларуска-польскіх адносінаў. Па словах Барусевіча, толькі пасля прызнання афіцыйным Мінскам кіраўніцтва Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс магчымы прагрэс у адносінах паміж Варшавай і Мінскам.
Паводле telegraf.by
|