ОРТ уручае прэмію імя Зміцера Завадскага...

Прэмію ОРТ за прафесіяналізм і мужнасць сёлета атрымаюць карэспандэнт “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Алег Улевіч, рэдактар газеты “Наша Нiва” Андрэй Дынько і фотакарэспандэнт Юлія Дарашкевіч. На ўрачыстай цырымоніі ўручэння прадстаўляць расійскі тэлеканал будзе Павел Шарамет.

“Сёлета гэта будзе ўжо сёмая па рахунку прэмія, якую ўручае Першы тэлеканал і Беларуская асацыяцыя журналістаў, а разам з фондам імя Зміцера Завадскага — ўпершыню (фонд быў заснаваны яго сваякамі і сябрамі)”, — паведаміў на гэтай падставе ў інтэрв’ю беларускай службе Радыё “Свабода” Павел Шарамет.

“Для журналістаў Першага тэлеканала прэмія Зміцера Завадскага – гэта вельмі важная адказнасць перад памяццю выкрадзенага ў Беларусі нашага сябра. Мы вельмі сур’ёзна і адказна ставімся да гэтай прэміі, стараемся, каб яна кожны год была рознай. Я ўпэўнены, што традыцыя ўзнагароджваць лепшых беларускіх журналістаў прэміяй імя Зміцера захаваецца і ў будучыні”, — распавёў Павел Шарамет.

Прэмія была заснаваная шэсць гадоў назад журналістамі Першага тэлеканала, калі калегі выкрадзенага тэлеаператара прапанавалі ўручаць узнагароду за мужнасць беларускім журналістам.

Рэдактар “Нашай Нiвы” Андрэй Дынько лічыць, што прэмія важная не толькі для журналістаў, але і для іх чытачоў. “Гэтая прэмія – яна нават не мне і нават не журналістам нашай газеты. Сёння гэтая прэмія нашым чытачам, тым тром тысячам сем’яў, якія ахвяравалі на выданне газеты. Гэта яны ўтрымліваюць на сваіх мазалях газету “Наша Нiва”.

Рэдактар “Нашай Нiвы” Андрэй Дынько атрымае прэмію за мужнасць, пасля таго як адседзеў некалькі сутак у ізалятары.

Паводле telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў