Беларусь на IV Нью-Йоркскім міжнародным незалежным кінафестывалі

Відэафільм “Сонцам асвячуся” (англамоўная назва “I Will Be Lighted By the Sun”) аўтара і рэжысёра Сяргея Рыбакова (Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі) прайшоў афіцыйны адбор і прыме ўдзел ў IV Нью-Йоркскім міжнародным незалежным кінафестывалі (New York International independent film and video festival).

Фільм расказвае аб экспедыцыі журналістаў АТН на Палессе, знаёміць з самабытнай культурай і унікальным песенным мастацтвам, якое захавалася ў беларускай глыбінцы.

“Многія сёння ведаюць беларускую культуру павярхоўна: забылі старадаўнія абрады, легенды, песні, — лічыць Сяргей Рыбакоў. — Між тым, гэта наша гісторыя, да таго ж, кожная песня тоіць у сабе глыбокі сэнс, які называюць народнай мудрасцю. “Сонцам асвячуся” — фільм аб экспедыцыі, якая збірае па крупінках самабытную песенную спадчыну нашых продкаў, паказвае забытыя старадаўнія абрады, легенды, замовы... Унікальныя па свайму гучанню і мелодыцы песні з філасофскімі тэкстамі і старажытнай мудрасцю, што гучаць у фільме ў выкананні жыхароў вёскі, адкрываюць глыбінныя пласты беларускай культуры.

У экспедыцыі здымачная група АТН пабывала сумесна з вядомым беларускім фольк-музыкантам, выкладчыкам кафедры этнаграфіі і этналогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, лідэрам этнагрупы “Тройца” Іванам Кірчуком. Журналісты пабывалі ў адным з самых аддаленых куткоў беларускага Палесся (прыкладна за 400 км ад Мінска) — у вёсцы Відзібор Столінскага раёна.

Паводле сцэнарыя, пошукам песень прадзедаў займаецца галоўны герой фільма (Іван Кірчук), які з’яўляецца на свет з сімвалічнага двайніка — ажыўшай з глыбіні стагоддзяў батлеечнай лялькі Іван. Ён “адкопвае” з-пад пылу стагоддзяў беларускі фальклор, які пасля будзе апрацаваны і запісаны. І песні, якія “адыходзяць”, абавязкова захаваюцца і застануцца нашым патомкам.

Нью-Йоркскі міжнародны незалежны кінафестываль — адна з важных падзей у сусветнай кінаіндустрыі. Кожны такі форум прадстаўляе больш як 300 фільмаў, сусветных прэм’ер, высакаякасных дакументальных,кароткаметражных і анімацыйных фільмаў з ЗША, Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Расіі і іншых краін.

У мінулых кінафестывалях прымалі ўдзел такія вядомы персоны, як Джордж Клуні, Эндзі Гарсія, Кэмеран Дыяз, Дэрыл Ханна, Джэніфер Аністан, Мелані Грыфіт, Мерыл Стрып, Він Дызель і многія іншыя. На фестываль запрошаны прадстаўнікі буйных амерыканскіх кінакампаній: Miramax, USA Pictures, Fine Line, Fox Searchlight, New Yorker Films, Killer Films, Lions Gate, Paramount, Sony Classics и Cablevision. Гэта падзея шырока асвятляецца ў вядучай сусветнай прэсе: Variety, CNN, New York Observer, New York Times, LA Times, LA Weekly, Hollywood Reporter, Fox TV, Time Out NY, E News, Daily News, Wall Street Journal, New York Post, Screentalk Magazine.

Фестываль праводзіцца ў два этапы: з 14 па 21 верасня — у Лос-Анджэлесе (ЗША) і з 14 па 21 лістапада ў Нью-Йорку (ЗША). Фільм Агенцтва тэлевізійных навін “Сонцам асвячуся” будзе паказаны ў ходзе славянскай секцыі кінафестывалю ў Лос-Анджэлесе.

belta.by
‹‹ на галоўную | у архіў