“Freedom House”: Беларусь – несвабодная краіна

Амерыканская недзяржаўная арганізацыя “Freedom House” распаўсюдзіла штогадовую справаздачу, у якой ацэньваецца стан правоў чалавека ў 192 краінах свету і адпаведна гэтыя краіны дзеляцца на “свабодныя”, “часткова свабодныя” і “несвабодныя”. Да апошняй катэгорыі чарговы раз залічана Беларусь.

У сёлетняй справаздачы ацэньваюцца падзеі ў краінах ад 1 снежня 2004 года да 30 лістапада 2005 года. 46% усіх гэтых дзяржаў прызнаныя “свабоднымі”, кожная трэцяя – часткова свабоднай, а 24% – несвабоднымі.

Сярод несвабодных і Беларусь, якая апынулася ў гэтай катэгорыі ўжо дзесяты раз ад 1996 года, калі “Freedom House” пачала рабіць свае справаздачы.

У дакуменце адзначаецца, што аранжавая рэвалюцыя ва Украіне “справакавала беларускія ўлады на барацьбу супраць “актаў бандытызму” – так сам Лукашэнка акрэсліў выбарчыя рэвалюцыі”.

“Яшчэ больш апазіцыйных палітыкаў было ізалявана ад палітычнага жыцця – Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Аляксандр Казулін... Абмяжоўваецца таксама поле, на якім могуць дзейнічаць апазіцыйныя партыі, грамадскія арганізацыі – іх пазбаўляюць рэгістрацыі, а за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў пагражае жорсткае пакаранне”, – адзначаецца ў справаздачы.

“Freedom House” звяртае таксама ўвагу на тое, што “рэжым Аляксандра Лукашэнкі паслядоўна абмяжоўвае свабоду незалежных медыяў”.

“Цэнзура і пераслед незалежных СМІ – гэта штодзённая рэчаіснасць у Беларусі, у той час як дзяржаўныя медыі падтрымліваюцца дзяржавай, беларускае тэлебачанне цалкам падпарадкаванае дзяржаве і не падае ніякіх альтэрнатыўных поглядаў на падзеі”, – гаворыцца ў дакуменце.

У справаздачы адзначаецца таксама, што, нягледзячы на гарантаваную канстытуцыяй свабоду веравызнання, “прэзідэнцкія дэкрэты і ўмовы рэгістрацыі значна ўскладнілі дзейнасць рэлігійных груп”. Што да сістэмы адукацыі, дык “Freedom House” падкрэслівае, што яна “знаходзіцца пад моцным ідэалагічным ціскам, а студэнты і выкладчыкі, якія падтрымліваюць апазіцыю, выключаюцца з ВНУ і звальняюцца з працы”.

“Беларускія ўлады таксама абмяжоўваюць свабоду сходаў перадусім для груп незалежных прафсаюзаў, якія маюць крытычнае стаўленне да цяперашняга кіраўніка краіны. Дазволы на правядзенне масавых акцый выдаюць мясцовыя ўлады, якія па ўласным жаданні могуць даць альбо не даць такі дазвол”, – гаворыцца ў штогадовай справаздачы амерыканскай недзяржаўнай арганізацыі “Freedom House”.

Радыё “Свабода”
svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў