Аб сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі і выставе...

Сябры Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі прынялі ўдзел ў 27-ай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Гэтая сустрэча адбылася ў Нью-Брансвіку (Нью-Джэрсі). Пры падтрымцы Беларускага Моладзевага Руху была зладжана мастацкая выстава, у якой прынялі ўдзел адны з самых вядомых беларускіх мастакоў. Удзельнікі сустрэчы ўбачылі мастацтва Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Ягора Батальёнка, Уладзімера Сулкоўскага і іншых. Упершыню грамадству была прадстаўлена скульптурная кампазіцыя — помнік славутаму сыну зямлі беларускай Васілю Быкаву, які быў выкананы вядомым беларускім скульптарам і мастаком Алесем Шатэрнікам. Сябры Руху разам з беларускай дыяспарай Амерыкі прыклалі шмат намаганняў, каб зрабіць і прывесці гэты помнік у Нью-Йорк. У хуткім часе плануецца ўсталяваць помнік Васілю Быкаву ў Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы. Дзеля гэтага вядуцца адпаведныя перамовы. Гэты помнік з’яўляецца першым крокам на шляху ўвекавечвання памяці вялікага беларуса Васіля Уладзіміравіча Быкава.

У той жа дзень сябры Руху прынялі ўдзел ў круглым стале, на якім абмяркоўваліся пытанні аб спрыянні развіццю дэмакратыі і захаванню незалежнасці нашай Бацькаўшчыны.

Мы перакананыя, што ў гэты цяжкі час для нашай Радзімы павінна быць зроблена ўсё магчымае, каб захаваць яе культуру і незалежнасць.

Дзеля дасягнення гэтай мэты, сябры Руху будуць пашыраць інфармаванне грамадскасці як на Бацькаўшчыне, так і за мяжой аб сітуацыі ў Беларусі. Гэта будзе зроблена праз паляпшэнне існуючых і стварэнне новых сродкаў масавай інфармацыі.

Таксама Беларускім Моладзевым Рухам будзе павялічана дапамога недзяржаўным грамадскім арганізацыям, мэтай якіх стаіць адраджэнне Беларусі.

Будуць зробленыя адпаведныя крокі дзеля аб’яднання беларускай моладзі, якая павінна працаваць дзеля светлай будучыні Беларусі.

Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі
www.belmov.org


‹‹ на галоўную | у архіў